Фота Вітаўта Сіўчыка

Фота Вітаўта Сіўчыка

Старшыня Інстытута нацыянальнай памяці Польшчы Яраслаў Шарэк адказаў на пытанне Свабоды наконт лёсу анансаванага перайменавання ў Бельску-Падляшскім вуліцы і ліцэя імя Браніслава Тарашкевіча ў рамках працэсу дэкамунізацыі.

Нагадаем, што да 2 снежня 2017 года ваявода падляскі Богдан Пашкоўскі павінен быў падпісаць рашэнне пра лёс вуліцы Тарашкевіча ў Бельску-Падляшскім, аднак дакумент не быў падпісаны. Інстытут нацыянальнай памяці абвясціў, што рашэнне павінна быць прынята да канца студзеня.

29 студзеня дэлегацыя Інстытута нацыянальнай памяці на чале з яго старшынём Яраславам Шарэкам прыбыла ў Менск, і карэспандэнт Свабоды спытаў спадара Шарэка пра сітуацыю з перайменаваннем вуліцы і ліцэя Тарашкевіча ў Бельску.

«На гэты момант вуліца Браніслава Тарашкевіча, як і ягоны патранат над ліцэем, застаюцца», — адказаў спадар Шарэк.

На ўдакладняльнае пытанне, ці канчатковае гэта рашэнне, спадар Шарэк адказаў: «На гэты момант — так».

Дэлегацыя 29 студзеня ўсклала вянкі ў Курапатах, а 30 студзеня накіруецца ў Бабруйск, дзе правядзе перамовы з уладамі аб усталяванні помніка салдатам Польскага корпусу Доўбар-Мусніцкага. У 1918 годзе гэты корпус выступіў супраць савецкай улады.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0