Рэдакцыя газеты «Звязда» правяла круглы стол гісторыкаў аб падзеях 1918 года, у тым ліку абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Спіс удзельнікаў быў дастаткова шырокі: гэта і кіраўнік інстытута гісторыі НАН Вячаслаў Даніловіч, акадэмік-сакратар Аляксандр Каваленя, дэпутат-гісторык Ігар Марзалюк, гісторыкі Міхаіл Касцюк, Валянцін Мазец і Сяргей Траццяк, а таксама старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

Варта адзначыць, што ўсе ўдзельнікі круглага стала гаварылі ў пазітыўным ключы. Нават Ігар Марзалюк у словах якога раз-пораз з’яўляўся скепсіс адносна БНР сказаў: «Ад пачатку 1918 года ў беларускім руху існавалі і сапернічалі дзве плыні — «белнацкамаўцы» і «бэнээраўцы». Кожная з гэтых плыняў адмаўляла іншую, абвінавачваючы ў здрадзе беларускай справе і беларускаму народу.

Аб'ектыўна ж — і тыя, і другія працавалі на карысць Беларусі, імкнуліся да стварэння беларускай дзяржаўнасці».

«Абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі ў той час не было выпадковай з'явай. Менавіта ў той няпросты і празмерна супярэчлівы гістарычны перыяд з'явіліся аб'ектыўныя і суб'ектыўныя ўмовы для рэальнага абвяшчэння нацыянальнай дзяржаўнасці», — так мяркуе былы кіраўнік інстытута гісторыі НАН Аляксандр Каваленя. Ягоны наступнік на гэтай пасадзе Вячаслаў Даніловіч мяркуе, што БНР было «першай спробай практычнай рэалізацыі ідэі беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці».

Каваленя працягвае цікавыя назіранні, ён ставіць у адзін шэраг падзеі, як абвяшчэнне БНР і масавы партызанскі рух падчас Другой сусветнай вайны:

«Мы навучыліся «дзякуючы» нашаму горкаму досведу нават ва ўмовах акупацыі жыць, выжываць і заставацца сабой. Прыходзяць акупанты ў 1918-м — робім спробу стварыць нацыянальную дзяржаву, прыходзяць у 1941-м — ідзём у партызаны і ствараем цэлыя свабодныя ад фашыстаў зоны».

Калі журналістка «Звязды» пытаецца, ці не была няўдача БНР звязаная з тым, што яе лідары не мелі кіраўнічага досведу, то Даніловіч адказвае на гэта: «А хто з беларусаў тады меў такі досвед? Хіба што тыя, хто працаваў у дзяржаўных структурах яшчэ Расійскай імперыі».

«Дзеячы БНР былі высокаадукаваныя людзі не толькі на той час, а нават у цяперашнім уяўленні», — падмацоўвае Міхаіл Касцюк.

«Насамрэч, я лічу, нельга казаць, што ідэя Беларускай Народнай Рэспублікі, якая адлюстроўвала імкненне беларусаў жыць у сваёй нацыянальнай дзяржаве, пацярпела паражэнне. Ідэя незалежнай беларускай дзяржавы засталася. Мала таго, яна была вельмі жывучая, яна настолькі пашыралася, што бальшавікі ўжо ў канцы 1918 года былі вымушаны пагадзіцца на абвяшчэнне ССРБ. І дзеячы БНР былі згодныя на такую форму дзяржаўнасці», — адказвае Валянцін Мазец.

Менш аптымістычны ў сваіх ацэнках БНР Ігар Марзалюк: «Ці можна казаць пра БНР як пра дзяржаўнае ўтварэнне? Лічу, што не. Асобныя публіцысты нават дагаворваюцца да савецкай акупацыі БНР. Гэта іначай, як гістарычнай міфалогіяй, назваць нельга. Савецкай акупацыі БНР не было, бо БНР як рэальнай дзяржавы не існавала. БНР была палітычным праектам беларускіх палітыкаў, не нямецкіх, які аднак такім палітычным праектам і засталася».

Таксама спадар Марзалюк закрануў асобу Іосіфа Сталіна і ягонага стаўлення да беларускага пытання: «Тэарэтычная платформа для беларусізацыі належыць Сталіну, як тагачаснаму наркаму па справах нацыянальнасці. «Беларускасць» Сталіна вынікала з яго сімпатый яшчэ з 1918 года да дзеячаў Белнацкама, у тым ліку і ў іх супрацьстаянні і з кіраўніцтвам Заходняй вобласці, і з цэнтралістамі-інтэрнацыяналістамі. Сталін з канца 1917 года нязменна падтрымліваў беларускі бок у спрэчцы з Мяснікянам і кампаніяй… Але казаць аб нейкай асаблівай любові Сталіна да беларусаў не выпадае — справа была ў геапалітычным эксперыменце часткі савецкага кіраўніцтва, а заігрыванне з «самасційнымі плынямі» было аб'ектам вялікай гульні на памежжы з Польшчай».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?