Ніколі не ведаеш, як што стрэльне ў сацыяльных сетках. Цяпер у фэйсбуку і ўкантакце пачаў гуляць кліп, які быў запісаны перад парламенцкімі выбарамі 2016 у падтрымку кандыдата Ігара Марзалюка.

«Хто такі Марзалюк? Хто такі Марзалюк? Людзі пытаюцца, хто такі Марзалюк. Я адкажу на гэтае пытанне пад біта грук», — чытае рэпер Зміцер Белабровік. Гэта колішні студэнт Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Куляшова. Вучыўся на археалогіі ў Марзалюка.

«Перад выбарамі Ігар Аляксандравіч спытаўся, ці магу я запісаць нешта ў ягоную падтрымку ў стылі рэпа. Я, вядома, пагадзіўся, — расказвае Белабровік. — Я ад 2007 года ўдзельнічаў ва ўсіх экспедыцыях Марзалюка. Калі сябруеш, то такое зрабіць лёгка».

Зміцер кажа, што грошы за трэк ён не атрымліваў, Марзалюк толькі аплаціў працу гукарэжысёра і студыі. «Калі з кімсьці сябруеш, то зрабіць такое проста, а я быў і ў ініцыятыўнай групе Ігара Аляксандравіча, ён мне шмат дапамагаў у жыцці».

У 2016 Зміцер Белабровік скончыў аспірантуру Магілёўскага ўніверсітэта, цяпер працуе дырэктарам Старадарожскага гісторыка-этнаграфічнага музея. Кажа, што захапленне рэпам у яго нікуды не знікла, толькі ў малым горадзе цяжэй з запісам трэкаў.

Укантакце можна паслухаць і іншыя кампазіцыі выканаўцы, ён там хаваецца пад нікам «Белы a.k.a. White Nigga».

Ігар Марзалюк — дэпутат Палаты прадстаўнікоў. Ён вядомы гісторык і археолаг. У 1990-я Марзалюк падтрымліваў апазіцыю, быў сябрам Сацыял-дэмакратычнай партыі, але апошнім часам стаў на пазіцыі кіраўніка краіны, адзін з найбольш рашучых прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі. У выступах на тэлебачанні Марзалюк прынцыпова карыстаецца беларускай мовай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?