Тое, што фігуранты справы публіцыстаў расійскага інфармацыйнага партала «Рэгнум» не апынуцца ў турме, стала вядома задоўга да прысуду. Гэта значыць, што іх вызваляць яшчэ ў зале суда. У такім разе зачытвання прысуду цалкам наўрад ці б нехта хацеў — усё ж страта некалькіх гадзін волі.

Сяргей Шыптэнка. Фота Сяргея Гудзіліна.

Выніковая частка прысуду зачытаная была літаральна за пару хвілін. Як і прасіў пракурор, кожнаму па пяць гадоў з адтэрміноўкай на тры. Канвой адчыняе дзверы кратаў. І Дзмітрый Алімкін з Юрыем Паўлаўцом хуценька выходзяць, а вось Сяргей Шыптэнка яшчэ колькі імгненняў збіраў свае рэчы. У зале даносяцца апладысменты, лёгкія, без асаблівага фанатызму. «Слава Расіі» ці «Слава КПСС» ніхто не крычыць. Міліцыя строга папярэджвае захоўваць цішыню.

Паўлавец адразу паспрабаваў сесці на лаву ў зале, але суддзя сказаў, што рана. Жонка Юрыя штурхае яго за рукаў. Яшчэ пару хвілінаў яны падпісваюць дакументы. Пакуль іх чакаюць у фае, з залы вылятае прадстаўнік расійскай ультранацыяналістычнай арганізацыі НОД Уладзімір Рыжанкоў. Здаецца, ён вядзе анлайн у фэйсбуку. З ягоных вуснаў далятае пра «нацыяналістычных вырадкаў».

Важна прагульваюцца іншыя прарасейскія дзеячы Арцём Агафонаў і Яўген Канстанцінаў. Гэта выхадцы з апазіцыі, якія ўсталі на пазіцыі «рускага свету». Прыйшоў падтрымаць калег гісторык-заходнерусіст Аляксандр Гронскі, ён працаваў у БДУІРы разам з Паўлаўцом. Але цяпер Гронскі працуе ў Маскве.

Адзіным, хто спыніўся паразмаўляць з прэсай, быў Сяргей Шыптэнка. Алімкін нібыта праз зямлю праваліўся, а Паўлаўца пацягнула за сабой жонка. Хіба паспеў сказаць, што паважліва ставіцца да беларускай мовы, а ў БНФ ніколі не быў, хаця Бухвостаў сцвярджаў адваротнае.

«Я выказваю свае погляды, сваё стаўленне да тых з’яў, якія мы ўсе назіраем. Камусьці не падабаецца маё стаўленне да гэтых з’яваў. Але рэакцыя неадэкватная на тое, што напісана, на тое, што выказана. Я мяркую, што мы павінны зрабіць высновы з усяго гэтага і неяк палепшыць сітуацыю. Мяркую, што наш працэс стане пачаткам зменаў да лепшага», — кажа Шыптэнка.

«Можа быць, камусьці давядзецца пераступіць праз сябе і пераадолець унутраныя супярэчнасці. Я спадзяюся, што ў цэлым тыя фундаментальныя грамадзянскія правы і свабоды, якія даліся нам дарагім коштам, не будуць страчаныя. І ў выніку мы зробім правільныя вывады з таго, што адбылося».

Ці будзе аўтар надалей крытыкаваць Аляксандра Лукашэнку ў сваіх публікацыях? «Я ніколі не акцэнтаваў сваю ўвагу на нейкай персоне, я быў накіраваны на з’явы, якія адбываліся.

Я не маю намераў хаваць свае погляды, але буду больш акуратна іх выказваць. Я прынцыповага стаўлення не змяніў. Весці дыялог з турэмнай клеткі вельмі складана. Не тая пляцоўка, дзе можна абменьвацца поглядамі. Як толькі мы пачнём стасавацца цывілізавана, то тады мы наблізімся да вырашэння складаных праблем».

У першы дзень суда Шыптэнка заявіў, што ён грамадзянін СССР. Ці застаецца ён такім надалей? «Так, у мяне ёсць пашпарт грамадзяніна СССР, нават два. Адзін з іх загранпашпарт».

А яшчэ ён запэўніў, што не будзе з’язджаць з Беларусі.

На вуліцы «рэгнумаўцаў» чакае група бадзёрых дзядуляў, кожнаму з якіх гадоў 75. Усе яны ў чорных кепках, нібыта нейкая ўніформа. Самы актыўны з іх прадстаўляецца лідарам арганізацыі «Айчына» Васілём Зелікавым.

«Барацьба будзе працягвацца!» — рашуча кажа ён.

«Гэта для вас камера вызвалілася, што вы так смела інтэрв’ю раздаяце?» — жартуе з калегі прадстаўнік незарэгістраванай Беларускай камуністычнай партыі працоўных.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру