Ёсць такая думка, што беларуская вёска памірае. Можна пачуць абмеркаванні, што народ мільёнамі бяжыць з Усходняй Еўропы ў Лонданы і Таронты, Дубаі і Патаі. Але гэта глабальны працэс, і аніякія камланні яго не спыняць.

Вось пару дзён таму мне прапанавалі набыць хату ў Еўрасаюзе за 1 еўра. Чаму мне? Любому ахвотнаму! У італьянскай правінцыі Сардынія муніцыпалітэт Алалаі (Ollolai) мае больш за 200 пустых дамоў. Насельніцтва мястэчка скарацілася за апошнія гады ўдвая — з 2,5 да 1,2 тысячы чалавек.

Таму да 7 лютага муніцыпалітэт прапануе купіць пустую хату за 1 еўра з абавязацельствам адрамантаваць яе ў бліжэйшыя 3 гады. Гэта значыць інвеставаць яшчэ тысяч 20—25, а тое і болей, бо дамкі не ў вельмі добрым стане.

Мястэчка знаходзіцца ў самым сэрцы выспы ў горным рэгіёне Барбагія (па-лацінску Барбарыя). Нейкія 100 км ад элітных вілаў паўночнага ўзбярэжжа.

Гэта не першы раз, калі паміраючыя муніцыпалітэты Італіі заманьваюць людзей, ужо нават выстаўляліся цэлыя вёскі. А народ не хоча ехаць, а ўпарта пхнецца туды, дзе цесна ды «людзі труцца». Бо там, дзе яны аціраюцца, больш энергіі, якая вас абагрэе, накорміць і іншыя дазволіць патрэбы справіць.

Вось тут можна за невялікія грошы адчуць сябе сапраўдным еўрапейскім барбарам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?