Аляксандр Праханаў, галоўны цымбаліст нашай святой славянскай еднасці, напісаў пранікнёны тэкст пра Беларусь. «Беларусія родная». Гэтая споведзь не можа не зачапіць за самую лытку душы. Пакідаць яе без адказу было б не па-братэрску. То вазьму на сябе смеласць пакланіцца Майстру ў поўны рост.

Расія — лапік ландшафту, які аддзяляе нас, вялікабеларусаў, ад Кітая, культуры якога я пакланяюся, моцы якога баюся. Расія — гэта бярозка: чорная драпінка, белая драпінка, пупышкі, губа, карэнне, ствол. Бяроста, на якой выдрапваліся першыя пісьменныя помнікі нашай агульнай гісторыі. Крона. Галіны. Як жыць мне, дрэва? Услухоўваюся — няма адказу. Толькі дзюбае па суседняй сасне дзяцел.

Я хачу абняць цябе, расійская мядзведзіца. Запусціць пальцы ў тваю поўсць. Зазірнуць у твае гліняныя вочы. Тысячагоддзі захопнікі з Усходу ды Захаду трымалі цябе на ланцугу. Манголы вымушалі цябе танчыць, тэўтонцы — спяваць «Авэ Марыя». І вось ты разняволілася, выпруцілася, устала на заднія лапы. Мажная і прыгожая істота, якая ведае, як трэба жыць усёй планеце.

Я хачу пашкадаваць цябе, старажытны Крэмль. Прыйдзі да нас з мядзведзіцай. Сядзь ля нашага самавара. Такі велічны, такі колкі. І такі крохкі. Націснеш мацней — пакрыўдзіцца. Крэмль вельмі крыўдлівы, бо ягонае сэрца дбае пра справядлівасць. Сабор Васіля Блажэннага — я бачу цябе смачнюткім пернікам, які прыемна казыча страўнік. Цукровая пудра, карамель, глазура. Які кандытар прыдумаў цябе, каб спакушаць нас, вялікабеларусаў?

Я хачу спасцігнуць цябе, матрошка. Узяць у далоні. Пяшчотна пацалаваць. Прыкласціся вухам да дзявочага твару. Што там кажуць унутры цябе найменшыя матрошчынкі? Пра што вядуць спрадвечны аповед? Якія таямніцы хавае ў сябе найкрахюткая з іх? Дайдзі да гэтага немаўляці праз галерэю разнасцежванняў. Узірніся ў твар і зразумей, што яна — Пуцін. Зерне, з якога нарасла ты, суседка.

Расіі не было да Пуціна і не будзе пасля Пуціна. Пуцін яе стварыў, і Пуцін забярэ з сабой на Нябёсы, калі пройдуць наканаваныя яму тры мільёны гадоў.

Пуцін — гэта Ленін, Пуцін — гэта Сталін. Мікалай II — гэта Пуцін, і Мацільда — таксама Пуцін. Пуцін — гэта Навальны, Пуцін — гэта Сярэбранікаў. Пуцін — гэта Салаўёў, Паклонская і Аркадзь Гайдар. Але і Ксеня Сабчак — таксама Пуцін. І тым болей Мядзінскі. Бывае Пуцін — Кісялёў і Пуцін — Праханаў, але і Сарокін — Пуцін, і Пушкін — Пуцін. Сяргей Лаўроў — Пуцін, і Міхаіл Галусцян — Пуцін. Пуцін бывае строгі, але бывае і лагодны. Пуцін — гэта строгі бацька рускага народу і ягоная пяшчотная маці. Калі б у нас, беларусаў, не было Лукашэнкі, мы б шчыра пакланяліся Пуціну, бо Пуцін якога-небудзь гатунку вельмі патрэбны славянам.

Водка. Руская водка. З ікрой і без яе. Я хачу піць цябе, водка, піць каўшамі, у поўнае горла, каб зразумець цябе, Расія. Я хачу стаць табой. Я хачу ляжаць у сумёце, глядзець у зорнае неба і крычаць у вышыню вершы Маякоўскага. Не для таго, каб пакрыўдзіць неба. А каб яно, неба, ведала, хто тут галоўны. А пасля я хачу ачуняць, прыйсці дамоў, вылечыць пнеўманію і да самага скону глядзець толькі Першы канал і яшчэ нямнога — ТНТ, каб пасмяяцца.

Расія гэта снег. Бялюткі, як бярозка. Выцягні далонь, злаві сняжынку і пабач у ёй геаграфічныя абрысы вялікай дзяржавы. Усе снягі свету пачынаюць сваё жыццё тут. З Расіі ледзяныя крыгі плывуць у Антарктыду. І на іх задуменна шаволяцца мядзведзі. Белыя. Бурыя. Жоўтыя. Фіялетавыя.

Час ад часу Пуцін сядае за стырно ўніверсальнага рэактыўнага бамбардзіроўшчыка і аблятае ўсю Расію, ад Данецка да Алепа. Ён глядзіць уніз, спакойны, велічны ўладар. Цар размаўляе з усімі: і з белымі мядзведзямі, і з бурымі мядзведзямі, і з Шайгу, і з Сечыным, і з нерпамі, і з тыграмі. І ўсе расіяне выходзяць да самалёта Пуціна і фатаграфуюцца з ім. Ты бачыш снежны след над галавой, у сцюдзёным лазурку? Гэта праляцеў зімны бамбардзіроўшчык Пуціна, забяспечваючы спакой і раўнавагу Дабра.

Расійская мара — гэта мара пра снег. Калісьці нашая малодшая суседка сабралася з памесных княстваў як правінцыя Вялікага Княства Літоўскага дзеля таго, каб зберагчы нас, вялікабеларусаў, ад Тамерлана. З тых часоў ніхто болей не апаганьваў яе белыя снягі, яе мядзведзяў, яе бярозчыны. Мы абаранілі суседку і ад Напалеона, і ад бандэраўцаў.

Трэньканне балалайкі. Яе загадкавасць, неспасцігальная трохвугольнасць. Яе тры струны — гэта тры струны рускай душы. Ля — вясёлая, п’яная, сяброўка гармошкі. Яна гучыць як «Свеціць месяц, свеціць ясны». Мі — задуменная, пранікнёная — створаная, каб нараджаць «Із-за вострава на стрэжань». Трэцяя, таксама мі, — гераічная, баявітая, гэта «Камбат бацяня, бацяня камбат». Правядзі пальцамі па струнах і пазнай у акордзе сняжынку. Бярозавы сок. Пуціна. Праханава. Далягляд. Снежны след у небе.

Сярод мноства ідэй, што абяцаюць нам адзінства з яе снягамі, ляжыць ідэя беларускага міра. Беларускі мір — што гэта? Адных ён пужае напамінам пра БНР, іншых адштурхоўвае перагінамі Рэчы Паспалітай. Але побач з Беларуссю зямной, якая складаецца з зямель, лясоў, мегаполісаў і IT-індустрыі, ёсць яшчэ Беларусь горняя, з якой на наваколле падае некалькі кропель фаворскага святла. Дзе пралілося гэтае святло — там настае Беларусь. І ў гэтым вымярэнні і Мацільда — Беларусь, і Ленін — Беларусь, і Шайгу — Беларусь, і мядзведзі — таксама Беларусь. Беларускі мір не варожы для навакольнага свету. Беларускі мір — гэта любоў і дабрабыт. Мы бяром вас да сябе: балалайка, водка, матрошка, крэмль і Сабор Васіля Блажэннага. Ты — частка Беларускага міру, браце Аляксандр Праханаў. Усяму гэтаму знойдзецца месца ў заможнай і прыбранай хаціне Беларусі з яе старанна выскабленай падлогай.

Я хачу ў Расію. Хачу схадзіць у спартовую залу разам з Пуціным. Хачу сесці ў ягоны самалёт другім пілотам. Я хачу набраць поўную жменю снегу і есці яго, адчуваючы, як сцюдзёны крышталь ператвараецца ў гарачую вільгаць, у бярозавы сок славянскай душы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?