«Мы гатовы перадаць вернікам будынак Мінскага касцёла святога Язэпа, калі ўлады сталіцы выдзеляць нам будынак плошчай шэсць тысяч квадратных метраў, прыстасаваны пад архівы», — заявіў 1 кастрычніка ў Мінску на прэс‑канферэнцыі, прысвечанай Дню архівіста, дырэктар дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Уладзімір Адамушка.

У будынку касцёла размяшчаюцца Беларускі дзяржаўны архіў навукова‑тэхнічнай дакументацыі і Беларускі дзяржаўны архіў‑музей літаратуры і мастацтва. Паводле слоў У.Адамушкі, архівістаў задавальняюць умовы захавання дакументаў у будынку храма.

Ён зазначыў, што ў перспектыве плануецца ўзьвесьці новы будынак для архіваў, якія знаходзяцца ў храме.

«Аднак для гэтага патрэбны значныя сродкі, якіх у нас няма. На бюджэтныя асігнаванні ідзе рэканструкцыя будынка Нацыянальнага гістарычнага архіва ў Гродне, для чаго патрэбна каля 8 млрд. рублёў і тры гады працы», — сказаў У. Адамушка. Ідзе таксама рэканструкцыя будынкаў архіваў у Маладзечне, Барысаве і Брэсце.

Дырэктар дэпартамента звязвае паскарэнне працэсу ўзвядзення новага будынка для мінскіх архіваў з матэрыяльнай падтрымкай гэтага праекта з боку вернікаў‑католікаў.

З 19 сакавіка 2005 года члены сталічнай рымска‑каталіцкай абшчыны святога Язэпа праводзяць кожны вечар каля будынка касцёла набажэнствы за вяртанне вернікам будынкаў Мінскага манастыра бернардынцаў з касцёлам — помніка архітэктуры барока XVII стагоддзя.

Летась пад зваротам да кіраўніка дзяржавы за вяртанне манастыра вернікам сабрана больш як 30 тыс. подпісаў. Акцыя пачалася пасля таго, як стала вядома аб планах Мінгарвыканкама перадаць будынкі святыні інвестарам для іх прыстасавання пад гасцінічны комплекс і аб’екты гандлёва‑бытавога прызначэння. З манастыра, пабудаванага на сродкі вернікаў, выселены службы ваеннай камендатуры і пракуратуры.

З 30 жніўня гэтага года вернікі пачалі бестэрміновы пост за вяртанне манастыра, у якім цяпер удзельнічаюць больш як 60 чалавек.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру