Таварышы, назіральнік АБСЭ, усе сюды. Гэта буфэт, абавязковая частка кожнага выбарчага ўчастку. Паглядзім, якая тут сытуацыя з выбарамі? Як бачым, усё поўнасьцю адпавядае міжнародным стандартам. Татальны ідэйны плюралізм: прэтэндэнты справа — ёгурт і піва, на крайнім левым флянгу — сасіскі, і нарэшце ў цэнтры — чыпсы і мінэралка

Буфэт працуе толькі ў дзень выбараў, і згодна з нашымі законамі катэгарычна забараняецца папярэдняе паяданьне.

Усю інфармацыю выбаршчык можа прачытаць на этыкетках. Акрамя таго, калі вы ўключыце тэлевізар, вы будзеце проста шакаваныя засільлем выбарчай рэклямы.

Выбары і прымус — у Беларусі гэта гучыць як фантастыка. Забараняецца любы ціск на выбаршчыка. Цяжка ўявіць, каб нехта наехаў на выбаршчыка з словамі кшталту: «А ну давай выбірай вось тое пячэньне, пакуль у лыч не атрымаў». Гэта нонсэнс! Пра выбарчую актыўнасьць казаць ня буду: глядзіце самі, колькі выбаршчыкаў у чарзе.

Дарэчы, хацелася ў рэале разьвеяць папулярны міф пра тое, што выбары ў нас адбываюцца па разнарадцы. Быццам працоўных і студэнтаў прымушаюць ісьці і абіраць, пагражаючы ім парваць кантракт ці выкінуць з унівэру. Вось тыя маладыя людзі, напэўна, студэнты. Хлопцы, вы набываеце «Орбіт‑ананас» таму, што баіцеся страціць месца ў інтэрнаце? Бачыце рэакцыю. Моладзь сьмяецца з «качак» заходняй прапаганды.

Ідзем далей. Зьвярніце ўвагу, як добра разьвіты ў нашай краіне інстытут незалежных назіральнікаў. Прадстаўнік любой партыі, у тым ліку апазыцыйнай, можа прыйсьці, сесьці за столік і назіраць за выбарчым працэсам. Давайце для прыкладу арганізуем незалежнае назіраньне за тым таўстуном. Глядзіце: ён без ніякіх парушэньняў абірае доктарскую кілбасу.

Нарэшце яшчэ адзін забойны аргумэнт на карысьць тэзісу аб дэмакратычнасьці галасаваньня ў Рэспубліцы Беларусі. Любое сацыялягічнае агенцтва або СМІ можа арганізаваць г.з. экзыт‑пол — спытаць людзей на выхадзе з буфэту — што яны абралі на першае, а на дэсэрт?

Як толькі буфэт зачыніцца, прадаўшчыца падвядзе вынікі выбараў. Аднак для вас, шаноўныя назіральнікі, мы падрыхтавалі сюрпрыз. Як вам вядома, у гэтым годзе мы ўвесь час ідзем на сьвядомае парушэньне законаў, каб пераканаць вас у празрыстасьці выяўленьня волі беларусаў. Паспрабуем тайна даведацца, якая ўжо цяпер сытуацыя ў пляне электаральных сымпатый?

Таварыш прадавец, ці не маглі б Вы па сакрэце падзяліцца з намі інфармацыяй — на чыю карысьць цяпер выбар? Кажаце, што больш за ўсё выбаршчык надае перавагу вафлям? Аднак, на Вашу думку, пра канчатковыя вынікі выбараў казаць яшчэ рана. Чаму? Ага. Таму што бліжэй да вечара актывізуецца сацыяльная база кандыдата піва «Крыніца» і магчымыя зьмены. Вось бачыце, спадарства, якая захапляльная інтрыга часам мае месца на беларускіх выбарах.

А наш візыт на гэтым скончаны. Мяркую, што ў вас няма сумневаў наконт высокай ступені дэмакратычнасьці выбарчага працэсу.

Бай‑бай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?