ТАСС
Пасажырскі самалёт Ан-148 «Саратаўскіх авіяліній» вылецеў з Масквы ў Орск у Арэнбургскай вобласці. На борце знаходзіліся 65 пасажыраў і шэсць членаў экіпажа. Праз некалькі хвілін пасля ўзлёту самалёт знік з экранаў радараў. Загінуў 71 чалавек.
Абломкі самалёта знайшлі ў Раменскім раёне Падмаскоўя.
Вядома, што Ан-148 вылецеў з аэрапорта Дамадзедава ў 14:21 па маскоўскім часе. Праз усяго некалькі хвілін экіпаж перастаў выходзіць на сувязь з дыспетчарам.
Не вядома, ці паведамляў пілот Ан-148 аб няспраўнасці. «Газета.Ru» са спасылкай на ананімную крыніцу сцвярджала, што пілот паспеў паведаміць гэтыя дадзеныя авіядыспетчару і нібыта павінен быў аварыйна пасадзіць самалёт у Жукоўскім. Аднак прэс-служба аэрапорта Жукоўскі паведамілі, што яго дыспетчары такіх запытаў не атрымлівалі.
Неўзабаве пасля крушэння СМІ звярнулі ўвагу на дзіўныя дадзеныя палёту Ан-148, якія зафіксаваў сайт Flightradar.
Спачатку самалёт набраў вышыню ў 1800 метраў і ляцеў з хуткасцю 600 кіламетраў у гадзіну. Але потым раптам спачатку знізіўся да вышыні 1500 метраў, затым зноў падняўся да 1800 метраў, пасля чаго, мяркуючы па ўсім, пачаў падаць. На адзнацы ў 900 метраў ён знік з экранаў радараў.
Напачатку крыніцы Інтэрфакса паведамілі, што Ан-148 нібыта сутыкнуўся з верталётам «Пошты Расіі», але ў кампаніі гэта назвалі памылкай.
«Рухавікі Ан-148 працавалі аж да сутыкнення з зямлёй, разбурэнне судна адбылося ад удару аб зямлю», — адзначыў суразмоўца РБК.
На месцы была знойдзена варонка глыбінёй 2,5 метра, дадала крыніца. Паводле яе слоў, «агляд рухавіка і элементаў механізацыі крыла дазваляе зрабіць выснову, што самалёт не разбурыўся ў паветры».
Следчыя разглядаюць усе магчымыя версіі авіякатастрофы, паведаміў раней Следчы камітэт. Крыніца РБК, знаёмая з ходам расследавання, удакладніла, што таксама разглядаецца версія тэракту.
«Гэтая версія наўрад ці будзе прыярытэтнай, бо эксперты-выбухатэхнікі, якія правялі экспрэс-аналіз часткі абломкаў самалёта не знайшлі на іх мікрачасцінкі выбуховага рэчыва», — адзначыла крыніца.
Сярод пасажыраў Ан-148 былі дзеці, а таксама трое замежнікаў. У Расіі абвешчаны дзень жалобы.