Да памятнай даты слынны літаратуразнаўца Сяргей Шапран зрабіў для «Мовы Нанова» падборку зацемак пра Стральцова са сваіх апублікаваных і неапублікаваных кніг.
Мішачкін і Грышачкін
Міхась Стральцоў і Рыгор Барадулін былі блізкімі сябрамі і стэлефаноўваліся так часта, нібы не маглі жыць адзін без аднаго. Маленькая дачка Стральцова Алеся, калі брала слухаўку, ужо па голасе ведала, што гэта «дзядзя Грыша» тэлефануе. Яна часта так і казала: «Тата, цябе дзядзя Грыша». Зрэдчас: «Мішачкін, табе Грышачкін тэлефануе!»
Барадуліну гэта вельмі падабалася, звычайна ён смяяўся.
«Эспаньёлка»
Нейкі час Барадулін і Стральцоў нават з выгляду падобныя былі — абодва насаценькія, у абодвух бародка-«эспаньёлка», з-за чаго выглядалі як браты. Тыя, хто ведаў іх, нават казалі: «Дзе Барадулін? Дзе Стральцоў? Зразумець не можам!» А сябрам вельмі падабалася, што іх блытаюць.
Але аднойчы жонка Стральцова Алена вяртаецца з працы, а Стральцоў — паголены.
— Што здарылася?
— Таму што ты хітрая, — адказвае ён.
— І чаму гэта я хітрая?
— Вячэраем учора з Алесяй, і яна кажа: «Тата, наша мама такая хітрая! Яна ўвесь час табе гаворыць, што ёй даспадобы твая бародка, але калі б яна была чорненькая, а не беленькая… — Слова «сівы» маленькая Алеся яшчэ не ведала. — І ты побач з ёй выглядаеш не як яе муж, а як яе тата. Ты згалі бародку, калі ласка».
У выніку Стральцоў пагаліўся. Хоць жонцы яго бародка дужа падабалася.
Грышаў берэцік
Стральцоў ніколі не насіў ніякіх галаўных убораў, толькі зімой вушанку. Але аднойчы з’яўляецца ў цёмна-сінім берэціку. Жонка Алена шчыра здзіўлена, бо ведае, што сам Стральцоў не мог завітаць у краму і набыць той берэцік. Ён увогуле сам сабе нічога не купляў — гэта было жончыным абавязкам. І тут раптам — у берэце! Яна пытаецца:
— Што гэта?
— Гэта ж Грышка!.. — смяецца ён хітравата, маючы на ўвазе Рыгора Барадуліна.
— Што Грышка?
— Сустрэў мяне і кажа: «Такі холад на вуліцы, а ты ходзіш без капелюша!..» Ленка, не паверыш, але хоць ён і быў у берэце, аднак дастаў з кішэні яшчэ адзін берэт і надзеў на мяне. «Насі», — сказаў… От, Грышка мяне любіць!..
Праўда, гэты ўбор ён больш ніколі не насіў. Пакуль праз нейкі час не прыйшоў ужо ў карычневым берэце. І зноў хіхікае. Жонка пытаецца:
— Ну, а гэты адкуль?
— Таксама Грыша! Зноў з кішэні дастаў…
А потым з’явіўся і чорненькі берэцік — з такой жа гісторыяй.
Стральцоў і «Федзя»
Пачатак 1970-х. Міхась Стральцоў, вярнуўшыся ўвечары дадому, лаецца на нейкага Федзечку:
— Федзя, ты сказаў, што не паголіш бародку і не здымеш свой ваенны фрэнч, пакуль твая рэвалюцыя не пераможа. Дык вось, Федзя, я табе адразу скажу: хадзі так да канца жыцця, бо твая рэвалюцыя ніколі не пераможа!
Толькі тады жонка Стральцова Алена зразумела, пра якога «Федзю» ішла гаворка, — у той дзень у Мінск прыехаў лідар Кубы Фідэль Кастра.
Стральцоў і палітыка
Часам Стральцоў любіў пагаварыць, як ён жартам казаў, з разумным чалавек, то-бок з самім сабой. Тым разам ён, размаўляючы з самім сабой, лаяўся на Брэжнева:
— Гэта ж старпёр! Памяняць яго трэба! — І пасля ў пэўнай разгубленасці: — Але на каго? Там усе такія.
Жонка Стральцова Алена любіла ў такі момант пакпіць з мужа, не стрымалася і на гэты раз:
— Дык цябе трэба паставіць!
Але Стральцоў прамовіў на поўным сур’ёзе:
— Мілая мая Ленка, гэта ж не мая епархія.
— А цябе туды і не клічуць!
— І правільна робяць, бо я, Міхал Лявонцьевіч, — прыстойны чалавек. Я лайном ніколі не займаўся.
Каламбур
1996 год. Някляеў — галоўны рэдактар штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва». Па іроніі лёсу некалі, яшчэ ў 1970-я гады, у «ЛіМ» яго не ўзялі.
— Бралі ўжо, ды я не вычытаў карэктуру, праскочыла памылка — і ў рэдакцыі праявілі прынцыповасць, — прыгадваў Някляеў.
Засмучонага, пераняў яго на калідоры Міхась Стральцоў:
— Не сумуй, — усміхнуўся, — што ў бур’яне не засеў.
Працаваць Някляеў павінен быў у аддзеле, якім загадваў Барыс Бур’ян.
«Усё ўжо напісана…»
Уладзімір Някляеў прыгадваў:
«З Міхасём Стральцовым, як і з многімі іншымі славутымі ў той час паэтамі, я пазнаёміўся ў доме творчасці «Каралішчавічы», дзе ўсе рабілі выгляд, быццам нешта пісалі, хоць пісалі там зусім нямногія — большасць прыязджала выпіць і адпачыць. Прыехаў і Стральцоў, яго пасялілі ў адным з двух самых вялікіх пакояў, што былі на першым паверсе, — якраз у адным з тых, дзе звычайна жыў Якуб Колас. Так мы апынуліся з ім разам у тым Доме творчасці. І ў той час, як большасць, выпіваючы, плявузгала абы што, мы сядалі з ім наверсе — пад карцінай, на якой было намалявана дзесяць ці дванаццаць савецкіх пісьменнікаў (Гарэцкі, Чорны, Бядуля…), і ладзілі спаборніцтва: хто на памяць дачытае верш, які прапануе яму суразмоўнік — верш ці то Купалы, ці то Багдановіча… Шчыра кажучы, я кожнага разу думаў, што, паколькі Міхась Лявонавіч быў нападпітку, дык я лёгка яго перамагу. Але ніводнага разу мне гэта не ўдалося, таму што ў Стральцова былі ўнікальныя эрудыцыя і памяць. І да таго ж — розум, на які алкаголь ніякага ўздзеяння яшчэ не зрабіў…
Так прамінуў амаль месяц. Ужо не помню, хто з маіх сяброў прыехаў, каб забраць мяне з Каралішчавічаў, на машыне. І якраз ідзе па сцяжыне Стральцоў. Кажу яму, што еду ў Мінск, і прапаную падвезці, бо ён таксама збіраўся дахаты. «Добра, — ківае ён. — Падвязі». «Тады, — кажу, — збірайцеся…» — і падымаюся ў свой пакой на другі паверх, каб забраць рэчы. Спускаюся ўніз — Стральцоў ужо ў машыне. Пакуль я падымаўся-спускаўся, прайшло хвіліны паўтары — ён не мог так хутка сабрацца. Сядзіць. Маўчыць. У лес глядзіць. «Задумаўся пра нешта чалавек?» — вырашыў я і, сеўшы ў машыну, стаў чакаць, пакуль ён выйдзе з задумення. Чакаю пяць, дзесяць хвілін… пятнаццаць… Нарэшце ён пытае:
— А чаго стаім?
— Вас, Міхась Лявонавіч, чакаем.
— Дык я тут.
— Але ж не сабраліся…
— Я сабраўся, — кажа Стральцоў і дастае зубную шчотку і расчоску — усё сваё, што ён насіў з сабой.
— Чакайце… — разгубіўся я. — Ну, добра, няма ў вас адзежы, абутку, але тое, што вы тут напісалі, дзе яно?
— А чаму ты вырашыў, што я тут нешта напісаў?
— Усе сюды прыязджаюць, каб нешта напісаць…
— Тады, — кажа, — ты не зусім зразумеў, што ў нас тут адбывалася.
— А што, — пытаю, — адбывалася?
— А тое… Я для чаго з табой начамі не спаў, вершы геніяльных паэтаў чытаў — беларускіх, рускіх, французскіх? Каб паказаць табе, што ўсё ўжо напісана — не намагайся. Вазьмі з сабой зубную шчотку, расчоску, хадзі, дыхай свежым паветрам і чытай вершы, лепшыя за якія мы з табой наўрад ці напішам».