Расійскія найміты былі абстраляныя ў Сірыі сіламі міжнароднай кааліцыі падчас наступу на нафтаперапрацоўчы завод. Як распавяла ананімная крыніца «Коммерсанта», расійскае камандаванне ў Сірыі не давала дазволу на гэтую аперацыю і расцаніла яе як «небяспечную самадзейнасць».

Аперацыя праводзілася па ініцыятыве мясцовых «буйных прадпрымальнікаў, якія падтрымліваюць [прэзідэнта Сірыі] Башара Асада», распавёў суразмоўца газеты. У атрадзе расейскай прыватнай ваеннай кампаніі «Вагнер» налічвалася каля 600 чалавек, большасць з якіх былі рускамоўнымі.

Крыніца «Коммерсанта» ацэньвае страты сярод расейцаў у 11 чалавек. Выданне адзначае, што Мінабароны наогул не распавяло пра забітых расейцаў, бо яны з'яўляліся добраахвотнікамі, таму ў паведамленнях ведамства згаданыя толькі пацярпелыя сярод сірыйцаў.

Публікацыі пра «сотні загінулых» — гэта класічная дэзынфармацыя, якой займаюцца заходнія СМІ, сказалі «Коммерсанту» ў МЗС РФ: «Цяпер правяраем інфармацыю аб наяўнасці пацярпелых, уключаючы грамадзян СНД. Калі з'явяцца пацверджанні, абавязкова пра іх паведамім».

Расійскія найміты патрапілі пад абстрэл 7 лютага ў сірыйскай правінцыі Дэйр-эз-Зор. Міжнародная кааліцыя нанесла ўдар для падтрымкі сваіх саюзнікаў з «сірыйскіх дэмакратычных сіл».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0