На прэзэнтацыю кнігі Вячаслава Ракіцкага «Беларуская Атлянтыда» адбылася 25 траўня ў Палацы мастацтваў прыйшоў бадай увесь менскі мастацкі сьвет. Апроч традыцыйна франдзёрскіх Акудовіча, Анціпенкі, Арлова, быў нават кіраўнік Саюзу мастакоў Уладзімер Басалыга, які й даў залю для прэзэнтацыі. Прэзэнтацыя ў цэнтры Менску кнігі, выдадзенай на амэрыканскім Радыё Свабода, у нашыя дні выглядае ледзь не эпатажам.

«Беларуская Атлянтыда» – дзясятая кніга ў сэрыі «Бібліятэкі Свабоды». У выданьне ўвайшлі перадачы аднайменнай сэрыі перадачаў, якую мастацтвазнаўца В.Ракіцкі вядзе на «Свабодзе». Пры ілюстрацыі кнігі былі выкарыстаныя афорты аднаго з найбольш цікавых сучасных графікаў – Валер’я Славука, геніяльнага ілюстратара «Шляхціца Завальні». Створаныя ім пэрсанажы ўвачавідкі адухаўляюць схаваную за тоўшчай часу.

Цягам апошняга дзесяцігодзьдзя ў андэграўнд мусіла сысьці практычна ўся беларуская культура: цяпер мацярык беларускай гісторыі адкрываецца толькі празь недзяржаўныя радыё, газэты, часопісы. У андэграўнд патрапілі ня толькі такія тэмы, як «Маскоўскія нявольнікі ў Магілёве» альбо «Каляніяльнае і незалежніцкае сьветабачаньне», але і зусім нібыта бяскрыўдныя «Смак сыру», «Загадкі й разгадкі сноў», «Выкарыстаньне цьвікоў»... Кіраўнік Беларускай рэдакцыі «Свабоды» Аляксандар Лукашук распавёў, што адна зь менскіх FM-станцыяў вяла перамовы з «Свабодай» пра набыцьцё якіх-кольвечы перадачаў. Лукашук прапанаваў «Беларускую Атлянтыду»: у якасьці прынады назваў тэму «Сэкс і кантрацэпцыя ў Вялікім Княстве Літоўскім». Кіраўніцтва радыёстанцыі зацікавілася, пачаліся перамовы, але... Неўзабаве яны былі спыненыя, галоўны рэдактар FM-станцыі апынуўся ў эміграцыі ў Кіеве, прадусар таксама разьвітаўся з сваёй пасадай.

Госьці-суаўтары Ракіцкага ўвасаблялі абазначаныя імі тэмы. Філёзаф Акулдовіч разважаў пра інтэлектуалаў: «Як у Італіі сорамна ня ўмець сьпяваць, так у Беларусі сёньня сорамна ня быць інтэлектуалам. Каб схаваць свой сорам за адсутнасьць інтэлектуальнасьці, кіраўнік Беларусі будуе бібліятэку. Можаце ўявіць памеры таго сораму паводле памераў бібліятэкі...» Вацлаў Арэшка, рэпрэзэнтаваны ўсім як шляхціч, распавядаў пра спаконвечныя шляхецкія рысы: «Калі я чытаў шляхецкія мэмуары ці апісаньні соймікаў, то ў мяне складалася ўражаньне, што чытаю справаздачы з апазыцыйных нарадаў: там усё тыя ж Пазьнякі, Статкевічы, Хадыкі...» Фальклярыстка Лія Салавей распавядала пра чараджзейныя ўласьцівасьці птушак ды ролю іх у чалавечым жыцьці. А Сяргей Дубавец, аўтар «Вострай Брамы», павіншаваўшы калегу, адзначыў: «Шмат ёсьць розных беларускіх Атлянтыдаў. Я прыехаў сюды зь Вільні – яшчэ адной беларускай Атлянтыды». І папрасіў у падарунак яшчэ пару асобнікаў кнігі Ракіцкага: маўляў, на зваротным шляху прасілі прыхапіць з сабой беларускія мытнікі...

Скончылася прэзэнтацыя раздачай кніг, але і тут не абышлося безь сюрпрызаў: каб атрымаць падарунак, трэба было адказаць на колькі пытаньняў анкеты. Праверце сябе: У якіх беларускіх вадаёмах вадзіліся цмокі? Хто зь вялікіх назваў Пінскае балота морам? Калі ў Беларусі пачалі вырошчваць бульбу (стагодзьдзе і ўладца)? Якімі калёніямі валодала Беларусь у старажытнасьці? У зале знайшоўся не адзін чяалавек, які правільна адказаў на гэтыя ды іншыя пытаньні. Жыве беларуская Атлянтыда!

Адам Воршыч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0