На 93-м годзе пайшла з жыцця народная артыстка СССР, прафесар кафедры спеваў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Тамара Ніжнікава.

Яна нарадзілася 9 сакавіка 1925 ў Самары, Расія, у сям’і бухгалтара Мікалая Гур’евіча Ніжнікава і капялюшніцы Аляксандры Пракопаўны Грошавай.

Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1949, сольныя спевы, клас Марыі Уладзіміравай).

У 1949-51 выкладала ў Ціранскім ліцэі мастацтваў (Албанія). У 1949, 1951-76 салістка Беларускай оперы. У 1964-2018 выкладала ў Беларускай дзяржаўнай Акадэміі музыкі (у 1976-1986 загадчык кафедры спеваў).

Партыі на сцэне опернай студыі Маскоўскай кансерваторыі: Мюзета («Багема» Дж.Пучыні), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Цэрліна («Дон Жуан» В.А.Моцарта), Эсмеральда («Прададзеная нявеста» Б.Сметаны).

Партыі на сцэне Беларускай оперы: Адзіна («Любоўны напой» Г.Даніцэці), Адэль («Кажан» І.Штрауса), Антаніда («Іван Сусанін» М.Глінкі), Арсена («Цыганскі барон» І.Штраўса), Аскар («Баль-маскарад» Дж.Вердзі), Баба-лапатуха («Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага), Брыгіта («Іаланта» П.Чайкоўскага), Валхава («Садко» М.Рымскага-Корсакава), Віялета («Травіята» Дж.Вердзі), Ганна («Страшны двор» С.Манюшкі), Голас («Брэсцкая крэпасць» К.Малчанава), Джыльда («Рыгалета» Дж.Вердзі), Жэрмэн («Карнявільскія званы» Р.Планкета), Ірына («Калючая ружа» Ю.Семянякі), Кэто («Кэто і Катэ» В.Далідзэ), Лакмэ («Лакмэ» Л.Дэліба), Лена («Кастрычнік» В.Мурадэлі), Ліса («Церам-церамок» І.Польскага), Лэйла («Шукальнікі пярлінаў» Ж.Бізэ), Люба Шаўцова («Маладая гвардыя» Ю.Мейтуса), Манон («Манон» Ж.Маснэ), Марфачка («Алеся» Я.Цікоцкага), Марынка («Марынка» Р.Пукста), Марфа («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Мікаэла («Кармэн» Ж.Бізэ), Мюзета («Багема» Дж.Пучыні), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Прылепа («Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Сафі («Вертэр» Ж.Маснэ), Франэса («Калі ападае лісце» Ю.Семянякі), Цэрліна («Дон Жуан» В.А.Моцарта), Цэрліна («Фра-дзьявала» Д.Абэра), Шэмаханская царыца («Залаты пеўнік» М.Рымскага-Корсакава), Юленька («Надзея Дурава» А.Багатырова.

Першая выканальніца шматлікіх камерных твораў беларускіх кампазітараў (Д.Лукаса, Ю.Семянякі, Л.Абеліёвіча і інш.), прапагандыст беларускай песні.

Узнагароджана Ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1955), Ордэнам Францыска Скарыны (2001).

Заслужаная артыстка БССР (1954). Народная артыстка БССР (1955). Народная артыстка СССР (1964).

Сярод вучняў — праслаўленыя беларускія спевакі і педагогі Людміла Афанасьева, Алена Бундзелева, Людміла Іванова, Вікторыя Курбацкая, Галіна Лукомская, Вольга Лук'янёнак, Раіса Прашко, Таццяна Цыбульская, Алена Шведава і многія іншыя.

«Здольна знайсці адрозныя рысы ў кожным вобразе, які яна стварае, і не паўтарыцца. Гранічная музычнасць, бездакорная інтанацыя, дасканалая тэхніка плюс акцёрскае майстэрства, уменне пераваўсабляцца пры вялізарнай усёпераможнай абаяльнасці, Тамара Мікалаеўна стала найлепшай айчыннай выканальніцай партый каларатурнага сапрана» (Л.Александроўская). 

Грамадзянская паніхіда адбудзецца ў Вялікай зале Акадэміі музыкі 17 лютага (вул. Інтэрнацыянальная, 30) з 11.00 да 13.00.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0