Арцём Скарабагаты быў незалежным назіральнікам на ўчастках №3 у Бараўлянах і №2 пасёлку Лясны, яны месцяцца ў адным будынку ў мясцовым Доме культуры аграгарадка Лясны, што пад Мінскам.
«Арцёма пасадзілі ў машыну і ён паспеў мне патэлефанаваць. Сказаў, што невядомыя ў цывільным вывелі яго з будынка. Не прадстаўляліся, дакументы не паказвалі, запхнулі ў аўтамабіль. Больш распавесці не паспеў. Цяпер у Арцёма выключаны тэлефон», — паведаміў «Нашай Ніве» брат Арцёма Скарабагатага.
Крысціна Шаблоўская, намесніца старшыні камісіі на Бараўлянскім участку, сказала, што яна сама выклікала міліцыю — Скарабагаты нібыта перашкаджаў камісіі працаваць.
«Парушаў правапарадак, гучна размаўляў, уступаў у нецэнзурную лаянку з наведнікамі. Мы вымушаныя былі выклікаць органы ўнутраных спраў», — сказала Шаблоўская.
Яна запэўніла: прыехалі людзі ў форме, складалі на назіральніка пратакол. Далей за лёсам Скарабагатага яна не сачыла, ці выводзілі яго кудысьці людзі ў цывільным не бачыла, бо «сёння ж выбары, на ўчастку шмат народу».
Пазней, стала вядома, што Арцёма адвезлі ў аддзяленне міліцыі ў аграгарадок Сеніцу. Па словах сваякоў Скарабагатага, там хлопца «праверылі на псіхатропныя рэчывы, нічога не знайшлі і сказалі, што ў панядзелак 19 лютага будуць судзіць за лаянку матам».
Ноч Арцём Скарабагаты правядзе пад вартай.
Скарабагатыя — гэта вядомая шматдзетная сям'я. Яны беларускамоўныя, а па веравызнанні — пратэстанты.
Каментары