Мікола Кацук: Людзі ўсё часьцей замыкаюцца ў вузкім сацыяльным коле — сям’і, калектыве. Іх актыўнасьць не выходзіць за рамкі гэтага кола. Усё больш актуальнай робіцца прымаўка «Мая хата з краю». Калі раней такія сацыяльныя каштоўнасьці, як аўтарытэт, дзелавая рэпутацыя, мелі значэньне, зьяўляючыся практычным рэсурсам для дасягненьня нейкіх мэтаў, цяпер яны ня маюць уплыву. Галоўным робяцца грошы, усё астатняе страчвае ранейшае значэньне. Наяўнасьць сувязяў, патрэбных знаёмстваў цяпер мала дапамагае. Як ніколі востра паўстае праблема салідарнасьці. Цяпер кожны намагаецца выратаваць хоць бы тое, што ў яго яшчэ засталося, маленькі кавалачак свабоды, і ў гэтай сытуацыі кожнаму з нас усё адно, што адбываецца зь іншымі.

«Наша Ніва»: Як Вы ацэньваеце сучасны ўзровень грамадзянскай актыўнасьці беларусаў? Сталічныя жыхары больш актыўныя, чым жыхары рэгіёнаў?

МК: Тут усё складаней. Менчукі больш нэгатыўна ставяцца да сёньняшняй улады, але пры гэтым яны больш пасіўныя. Сталічная звычка — крытыкаваць уладу перад тэлевізарам. Выходзіць на вуліцу мала хто зьбіраецца. Адно бурчаньне. Рэгіёны больш рашучыя: сказаў — зрабіў. Тут калі супраць, то адназначна супраць.

«НН»: А якія адрозьненьні па ўзроставых катэгорыях назіраюцца?

МК: Назіраецца сур’ёзны разрыў паміж рознымі ўроставымі катэгорыямі моладзі. Тыя, хто меў у 1996-м па 18 год, захавалі рамантычныя ідэалы па сёньня. А пасьля 1996 г. узьнікла пакаленьне цынікаў-прагматыкаў. Таму нельга гаварыць пра існаваньне нейкага адзінства сярод моладзі. Галоўным чыньнікам разрыву ёсьць акурат розныя падыходы да жыцьця. Прагматычная моладзь вырасла ва ўмовах нейкай адноснай стабільнасьці, калі грамадзтва было ў пэўнай ступені закансэрваванае і арыентаванае на спажывецкія інтарэсы.

«НН»: Ці варта чакаць павышэньня актыўнасьці грамадзтва, зважаючы на хуткія выбары?

МК: Любая палітычная кампанія такога ўзроўню палітызуе грамадзтва. І новыя выбары дадуць магутны мабілізацыйны эфэкт, незалежна ад таго, хто пераможа. Але як паказвае практыка, гэтая хваля ападае празь месяц. У гэты час яшчэ можна назіраць абвастрэньне палітычных размоў. Усё больш людзей у грамадзкіх месцах пачынаюць гаварыць пра палітыку. Такога не назіралася даўно, калі пік палітызацыі прыпаў на 1996-ты, пад рэфэрэндум. Тады сапраўды частка гарадзкога аўтобуса была «за», частка — «супраць». Цяпер, калі нехта публічна і наважваецца выказвацца на палітычныя тэмы, астатнія лічаць за лепшае адмаўчацца.

«НН»: Якія рысы дамінуюць у самасьвядомасьці сучаснага беларуса?

МК: Для мяне панятак «самасьвядомасьць» — пусты гук. Народ як народ, нічым мы не адрозьніваемся ад іншых. Адзінае, што беларус намагаецца болей маўчаць, ня лезьці без патрэбы ў палеміку. Галоўная адметнасьць: у нас кожны лічыць сябе самым галоўным — найбольш дасьведчаным спэцыялістам, разьбіраецца ва ўсім. Але зноў-такі моўчкі. Хіба на кухні ў сябе ў дома абвінаваціць астатніх у некампэтэнтнасьці.

«НН»: Ці выдзяляе сацыялёгія асаблівасьці нацыянальнага характару ў розных рэгіёнах?

МК: Вызначальным зьяўляецца геаграфічнае становішча: заходняя частка краіны традыцыйна арыентаваная на Польшчу, то бок фактычна на ЭЗ. У Гомелі і Магілёве людзі параўноўваюць свой узровень жыцьця з расейскім ці ўкраінскім — з гэтымі краінамі ў іх больш стасункаў — і лічаць, што жывуць лепш за суседзяў. У заходніх абласьцях жыцьцё параўноўваюць з палякамі, літоўцамі, латышамі. І лічаць, што жывуць горш. Ну і, напэўна, істотны рэлігійны чыньнік. Гарадзеншчына, заходняя Віцебшчына — гэта пераважна каталікі, а асноўны рост пратэстанцкіх цэркваў характэрны для Берасьцейшчыны. У дачыненьні да ўсходу краіны цяжка казаць пра нейкія выразна акрэсьленыя тэндэнцыі.

«НН»: Ці адбыліся зьмены ў мэнталітэце беларуса за гады незалежнасьці? Можна гаварыць пра пераход ад савецкага да беларускага беларуса?

МК: У пачатку 1990-х незалежнасьць успрымалася як нешта часовае. Усе баяліся, што без Расеі мы нічога ня здолеем зрабіць. Цяпер жа іншая сытуацыя: нішто так ня робіць зь беларуса нацыяналіста, як паездка ў Расею. Ён прыяжджае туды як свой — саюзная дзяржава. А пасьля пачынае разумець, што зьяўляецца замежнікам, востра адчуваючы дыстанцыю. З другога боку, беларусы прывыклі: «Так, вось гэта — наша краіна». Адзінае, што ў нас існуе раскол у грамадзтве, яно падзеленае, і адчуваецца выразная барацьба нацыянальных праектаў. Адзін нацыянальны праект прапануецца ўладай, другі, які цяпер практычна знаходзіцца ў заняпадзе, адраджэнскі.

«НН»: Сучасны сьвет імкліва глябалізуецца, нейкія тэндэнцыі дасягаюць і Беларусі. Нават дзяржаўныя газэты пішуць, што кожны чацьвёрты беларус за апошнія два гады зьмяніў некалькі працоўных месцаў. Наша грамадзтва паступова робіцца больш дынамічным? Тэмп жыцьця адбіваецца на сьвядомасьці людзей?

МК: Сапраўды, беларусы сталі больш мабільнымі ў пошуках лепшых умоў працы. Прапанавалі лепшае, больш аплатнае месца — чаму б і не перайсьці. Са зразумелых прычын, гэта ўласьціва больш маладым людзям. Больш амбітным.

Яшчэ адзін цікавы момант. Нашаму чалавеку ня так істотна, па сутнасьці, быць багатым, дастаткова быць забясьпечаным. Ён не прыкладае звыш меры намаганьняў, каб зарабіць мільён. Бо ў нашых грамадзян склалася сваё ўяўленьне пра адносны дабрабыт, і яны праяўляюць актыўнасьць да таго моманту, пакуль не дасягнуць гэтага дабрабыту.

Фота Андрэя Лянкевіча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?