З нагоды Міжнароднага дня роднай мовы, што адзначаецца 21 лютага, сакратарыят ТБМ прыняў адмысловы зварот. Пра гэта паведаміла ў сваім фэйсбуку старшыня арганізацыі Алена Анісім.

У гэты дзень у сядзібе ТБМ (Мінск, вул. Румянцава, 13) Мінская гарадская арганізацыя ладзіць першы этап Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Пачатак — 18.45. Запрашаюцца ўсе ахвотныя.

Таксама Алена Анісім апублікавала зварот да грамадскасці. «Па добрай традыцыі ў многіх установах Беларусі 21 лютага пройдуць акцыі ў падтрымку беларускай мовы: Агульнанацыянальная дыктоўка, сустрэчы з пісьменнікамі, прэзентацыя твораў і кніг на беларускай мове, канцэрты беларускіх музыкаў. ТБМ прапануе кожнаму далучыцца да гэтых мерапрыемстваў або ініцыяваць сваё для таго, каб беларуская мова трывала ўвайшла ў наша жыццё», — адзначаецца ў звароце

«Смялей і ахвотней карыстайцеся беларускай мовай у розных жыццёвых сітуацыях! Мы цвёрда перакананы: штодзённае ўжыванне спрадвечнай мовы беларускага народу ўзбагаціць нас духоўна, напоўніць творчым натхненнем і надасць сілы для стварэння выдатных умоў жыцця ў нашай краіне. Пакуль гучыць беларускае слова — існуе незалежная беларуская дзяржава, якая мае тысячагадовую гісторыю», — рэзюмуюць аўтары звароту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0