Ілюстрацыйны малюнак.

Цяпер у гэтай забалочанай мясцовасці паміж Лагойскам і Плешчаніцамі стаяць некалькі вёсак, цякуць рэчкі. Усе вонкавыя прыкметы знаходжання тут велізарнага кратара былі загладжаныя ледніком і эрозіяй глебы. А выявіць месца падзення метэарыта атрымалася выпадкова.

У 1973 годзе геолагі праводзілі планавую геалагічную здымку, якая традыцыйна суправаджалася бурэннем свідравін. Гэтая мясцовасць раней была даследаваная настолькі добра, што ніхто не чакаў ніякіх сюрпрызаў. Але ў выніку навукоўцы наткнуліся на нешта неймавернае.

Падрабязнасці рэвалюцыйнае знаходкі нам распавёў Георгій Ількевіч, заслужаны геолаг Беларусі і сябра Міжнароднае камісіі па геалагічнай карце свету, які разам з калегамі і выявіў дзіўную анамалію на гэтай зямлі. 

Георгій Ількевіч — чалавек, які знайшоў анамалію.

«Перад пачаткам свідравання мясцовасць даследавалі геафізікі з дапамогай спецыяльнай апаратуры. Вымяраючы напружанасць зямное кары, яны заўважылі яе рэзкае паніжэнне. Прычым такая анамалія назіралася на тэрыторыі, па форме блізкай да акружнасці. Спачатку вырашылі, што наткнуліся на радовішча мінеральных водаў, якія маюць высокую праводнасць. Аднак узяцце ўзораў вады паказала, што мінералізацыя ў іх самая звычайная», — распавядае спадар Ількевіч.

Ужо тады навукоўцам стала зразумела, што яны маюць справу з нечым вельмі цікавым. Было вырашана рабіць некалькі свідравін.

Прабурыўшы першую свідравіну ля вёскі Кузевічы, геолагі выявілі цалкам неўласцівыя гэтаму рэгіёну пароды, прычым размешчаныя ў хаатычнай паслядоўнасці: адклады даўніной паўтара мільярда гадоў перамешаныя з мінераламі ўзростам «усяго» 70 мільёнаў год. Аналагічную карціну далі і некалькі іншых свідравін.

Чырвоным колерам пазначана размяшчэнне кратара з эпіцэнтрам у вёсцы Кузевічы, ля якое была прабураная першая свідравіна. Спадар Ількевіч упэўнены, што метэарыт упаў менавіты ля гэтае вёскі, а не ля Малінаўкі, як піша «Вікіпедыя».

«З’явілася шмат здагадак, — працягвае апавяданне Георгій Іванавіч. — Праз тое, што выявілася багата вулканічнага шкла, спачатку выказалі здагадку, што мы маем справу са старажытным вулканам. Але ж там усё перамяшана, як такое магчыма? Тады вырашылі, што, напэўна, гэта астраблема — метэарытны кратар. Запрасілі спецыялістаў з Украіны.

Яны прыехалі, узялі некалькі сваіх пробаў, і выявілі дробныя алмазы, адзін з якіх быў нават чорным!

Калі ў Сібіры ў свой час знайшлі Папігайскі кратар, выявілася, што дробных алмазаў там больш, чым ва ўсіх вядомых сусветных радовішчах разам. Улады тады адразу засакрэцілі ўсе работы. Па гэтым узоры стала сакрэтнай і наша праца. Былі выдзеленыя грошы на далейшыя даследаванні».

У канцы 1970-х гадоў у Аўстраліі пасля шматгадовых пошукаў былі знойдзеныя алмазы, што надоўга забяспечыла сусветнае лідарства краіны па здабычы гэтага каштоўнага мінералу. Уявіце, колькі эканамічных і палітычных зменаў у рэгіёне прынесла б з’яўленне буйнога радовішча алмазаў у Беларусі!

«Пасля такога пярэпалаху для даследаванняў пачалі прыязджаць розныя навукоўцы, выказваць свае думкі. Адным з першых пра тое, што гэта — астраблема, сказаў мой найлепшы сябар Мікалай Вераценнікаў, які памёр шэсць год таму, — працягвае Георгій Іванавіч. — Потым, у 1980-я гады, мы запрасілі спецыялістаў з аднаго маскоўскага ўніверсітэта. У іх было вельмі добрае абсталяванне, з дапамогай якога можна было вызначыць хімічны склад любога мінерала. Мы прабурылі вельмі глыбокую свідравіну: ажно да 1254 метраў дайшлі. Там вулканітаў не знайшлі, і стала ясна, што мы маем справу з уздзеяннем зверху — з метэарытам».

Яшчэ адным доказам таго, што навукоўцы маюць справу не са старажытным вулканам, а з астраблемай, сталі знойдзеныя мінералы каэсіт і сцішавіт. Каэсіт утвараецца з кварцу пры высокім ціску, а пры яшчэ большым ціску ён становіцца сцішавітам. Дасягненне такога ціску на адносна невялікай глыбіні немагчыма без магутнага ўдарнага ўздзеяння.

Дарэчы, наш сцішавіт стаў пятым знойдзеным у свеце пасля таго, як у 1961 годзе савецкі фізік Сяргей Сцішоў штучна сінтэзаваў гэты мінерал, а ў 1962 ён быў упершыню знойдзены ў прыродзе.

Дасканальнае вывучэнне нетраў кратару дазволіла скласці даволі падрабязную карціну таго, што адбылося ў гэтым месцы прыкладна 38 мільёнаў год таму. На хуткасці 18 км/с з Зямлёй сутыкнуўся каменны метэарыт дыяметрам 629 метраў і вагой 439 мільёнаў тон. Пры гэтым адбыўся выбух энергіяй 71 эксаджоўль — у мільён раз магутнейшы за выбух ядзернае бомбы, скінутай на Хірасіму ў 1945 годзе!

А тэмпература, якой ён суправаджаўся, склала каля 2000°С. 

Так зараз выглядае мясцовасць, дзе калісьці ўпаў метэарыт. Фота гэтае і ніжэй: mapio.net

Усяго ў Лагойскім кратары было прабурана каля 30 свідравін. На канферэнцыі ў амерыканскім Тэхасе, куды потым запрасілі нашых даследчыкаў, ён быў прызнаны адным з найлепш вывучаных кратараў у свеце — гэтак моцна нашыя навукоўцы хацелі знайсці алмазы. Іх усё ж у невялікіх колькасцях знайшлі. Але мікраскапічны, пылавідны памер не дае шанцаў на іх практычнае прымяненне.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?