І ня важна, калі датычнасьць імпарцёраў сокаў да тэракту ніякім чынам не пацьвердзіцца. Затое ў падсьвядомасьці чытача ці гледача замацуецца: прадпрымальнікі і апазыцыя — народ аднолькава небясьпечны.

«Гэты почырк нам добра вядомы…»

Кажуць, тэрарызм ня змог бы доўга існаваць бяз сродкаў масавай інфармацыі. Які сэнс у тэракце, калі пра яго не даведаюцца мільёны людзей? З другога боку, што газэты выносілі б у шапкі на першых палосах, а тэлеканалы паказвалі б пад рубрыкаю breaking news? У сваю чаргу, улады, якія закліканыя змагацца з тэрарызмам і якія старанна хаваюць факты ад СМІ, з посьпехам выкарыстоўваюць і тэрор, і інфармацыю пра яго ў сваіх палітычных мэтах. Пры чым, робяць гэта часам з просталінейнасьцю сякеры.

3 кастрычніка ў цэнтры Цхінвалі выбухнуў аўтамабіль. У выніку загінулі 11 чалавек, сярод якіх быў і начальнік Штабу аб’яднаных сілаў па падтрыманні міру ў зоне канфлікту Іван Петрык. На пачатку паведамлялася пра дзьве аўтамашыны УАЗ, канфіскаваныя асецінскімі ваяўнікамі ў адным з грузінскіх сёлаў, якія абязьлюдзелі падчас вайны. Пры гэтым сьцьвярджалася, што машыны забралі ў нейкіх падазроных асобаў «невядомай нацыянальнасьці» без дакумэнтаў, якіх адпусьцілі. Потым выявілася, што машына — «Жыгулі» (ВАЗ 2109), проста стаяла ў двары аднаго з дамоў. Яе ў асецінскіх марадзёраў пазьней канфіскавалі расейскія вайскоўцы і прывезьлі ў Цхінвалі, дзе прыпаркавалі ля будынку штабу міратворцаў.

Уявіце сабе падступнасьць грузінскіх спэцслужбаў, якія спрагназавалі, што расейцы паставяць замінаваны аўтамабіль акурат пад вокнамі начальніка свайго штабу. Але ж 20 кіляграмаў трацілу, кажучы па‑расейску, «ня фунт ізюму». Як такую колькасьць выбухоўкі ніхто не заўважыў? Шукаць адказ на гэтае пытаньне няма сэнсу.

Кіраўніцтва Паўднёвай Асеціі ведала аб тым, хто арганізаваў тэракт, загадзя. Эдуард Какойты адразу абвінаваціў у тэракце грузінскія спэцслужбы. «Гэты почырк нам добра знаёмы», — заявіў ён. Расейская пракуратура вэрсію падтрымала.

Далей — болей. У панядзелак адзін з паўднёваасецінскіх чыноўнікаў паведаміў, што канфіскаваныя аўтамабілі (у новай вэрсіі іх зноў стала некалькі) ехалі… у калёне АБСЭ. І ў машынах, нібыта, былі знойдзены зброя і выбухоўка! А за рулём былі, натуральна, грузіны, пра што сьведчылі пашпарты зламысьнікаў… Абсурд, як бачым, узмацніўся.

Навошта Грузіі была патрэбная падобная правакацыя ў момант, калі Расея пачала ліквідаваць свае блёк‑пасты ў так званай «буфэрнай зоне», куды пачалі прыбываць назіральнікі АБСЭ у адпаведнасьці з плянам Мядзьведзева‑Сарказі? Паводле кіраўніцтва Паўднёвай Асеціі і Расеі — відаць, проста таму, што гэта Грузія. То бок, па вызначэньні.

Праўда, разгортваньню міжнародных назіральнікаў у буфэрнай зоне тэракт не перашкодзіў.

Сага пра «Садочак»

Выбух у Цхінвалі прымусіў успомніць пра іншы выбух, які адбыўся ў Менску ўначы на 4 ліпеня. Наступствы таго выбуху былі, на шчасьце, куды менш трагічнымі. Але дзеяньні ўладаў, дакладней — альгарытм гэтых дзеяньняў ёсьць сэнс параўнаць.

Спачатку на падставе падазрэньняў у датычнасьці да тэракту затрымліваюць некалькі апазыцыянэраў, у асноўным — былых. Потым іх выпускаюць і недзе празь месяц арыштоўваюць 11 супрацоўнікаў кампаніі «Ўладпрадімпарт», якая займаецца імпартам сокаў — у тым ліку, маркі «Садочак». У пачку з‑пад таматнага соку гэтай маркі , як усе памятаюць, была схаваная выбуховая прыладу з гайкамі. Пазьней высьветлілася, што прадпрымальнікі затрыманыя ў сувязі зь фінансавымі парушэньнямі, а не паводле абвінавачаньня ў тэракце.

Але вось зусім сьвежае паведамленьне. Былы супрацоўнік «Уладпрадімпарту» нехта Корык 30 верасьня затрыманы для допыту менскай міліцыяй. (Гэты факт міліцыя не адмаўляе.) Паводле аднаго зь сяброў Корыка, той быццам бы прызнаўся ў тым, што каля гіпэрмаркету «Гіпа» нейкія невядомыя людзі параілі яму напярэдадні тэракту «зьяжджаць з гораду, паколькі будуць узрываць Менск».

Цікава, ці разглядае сьледзтва ў якасьці магчымага матыву тэракту гандлёвую вайну? Ці ня вырашыў нехта з канкурэнтаў «Уладпрадімпарту» ў барацьбе за рынак збыту таматнага соку ў Беларусі дыскрэдытаваць брэнд «Садочак» і заадно адправіць усё кіраўніцтва кампаніі за краты? А калі ўлічыць сусьветны харчовы і фінансавы крызісы, якія нарадзіліся, як вядома, за акіянам…Вось вам і сьлед, што вядзе на Захад, у высокія кабінэты ЦРУ, Уол‑Стрыту і іх філіялаў — АБСЭ, Рады Эўропы ды іншых.

Абсурд? Трызьненьне? Магчыма. Але ў кожным вар’яцтве, як вядома, ёсьць свая сыстэма. У выпадку з выбухам у Цхінвалі расейскай прэсе важна было падтрымаць вобраз Грузіі як падступнага і жорсткага ворага, а значыць — неабходнасьці прысутнасьці расейскіх войскаў у рэгіёне.

А ў выпадку з выбухам у Менску? Апазыцыянэры, інтэлігенцыя, прадпрымальнікі… Ці ня з гэтых катэгорыяў лепіцца вобраз ворага ў дзяржаўнай прэсе? І ня важна, калі датычнасьць імпартэраў сокаў да тэракту ніякім чынам не пацьвердзіцца. Затое ў падсьвядомасьці чытача ці гледача замацуецца: прадпрымальнікі і апазыцыя — народ аднолькава небясьпечны.

Ёсьць, вядома, яшчэ адна прычына, зь якой канфлікт на Каўказе павінен быў бы цікавіць жыхароў Беларусі. Прызнаньне незалежнасьці Паўднёвай Асеціі новаабранай палатай прадстаўнікоў, якога нецярпліва чакаюць у Крамлі, наўрад ці прынясе мір і спакой у гэты рэгіён і наўрад ці зьменшыць напружанасьць у міжнародных стасунках у цэлым. Пра выбухі там мы пачуем, можна не сумнявацца, яшчэ не аднойчы. А вось ці стаў выбух на праспэкце Пераможцаў апошнім тэрактам у Беларусі? Гэтага мы пакуль ня ведаем.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?