Улады неафіцыйна прапанавалі аргкамітэту па святкаванні 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі правесці святочныя мітынг і канцэрт у парку імя Янкі Купалы або каля Оперы ў Мінску.

«Мінгарвыканкам прапануе арганізатарам святкавання 100-годдзя БНР 25 Сакавіка абмежавацца мітынгам і святочным канцэртам», — паведаміў у сябе ў фэйсбуку адзін з заяўнікаў свята Віталь Рымашэўскі. — Улады прапаноўваюць аргкамітэту падаць новую заяўку з просьбай дазволіць правядзенне мітынгу і канцэрту ў парку імя Янкі Купалы або каля Опернага тэатра. У выпадку згоды прапануюць нават сваю гукаўзмацняльную апаратуру, не патрабаваць грошай за паслугі хуткай і міліцыі, згодныя ўсталяваць памятны знак да 100-годдзя БНР», — піша Рымашэўскі.

Першапачаткова аргкамітэт прасіў дазволіць шэсце па маршруце з плошчы Якуба Коласа да плошчы Свабоды і мітынг там. Але ў Мінгарвыканкаме кажуць — там у гэты час будзе каталіцкі Вербны кірмаш.

25 сакавіка 1918 года Рада Беларускай Народнай Рэспублікі Трэцяй Устаўной граматай абвясціла незалежнасць. Гэта стала паваротным момантам у гісторыі краіны. Сёлета адзначаецца 100-годдзе гэтай падзеі.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?