Міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў выступіў з праграмным артыкулам «Армія беларускага народа» ў часопісе «Беларуская думка». Публікацыя прымеркаваная да так званага 100-годдзя беларускага войска, якое афіцыйна адзначалася 23 лютага.

Андрэй Раўкоў. Фота tut.by.

Андрэй Раўкоў. Фота tut.by.

Ужо ва ўступе Раўкоў адзначае, што «беларуская армія стала пераемнікам ўсяго найлепшага, што было ў Савецкай арміі». Тое самае тычыцца і Беларусі, якая стала «духоўным пераемнікам усяго найлепшага, што было ў СССР». А адно з «найлепшых», на думку міністра, гэта свята 23 лютага.

З датай 23 лютага асацыюецца стварэнне арміі, якая забяспечыла ўз'яднанне вялікага беларускага народа ў адзінай беларускай дзяржаве. Менавіта так - вялікі беларускі народ - сказана ў Законе БССР ад 14 лістапада 1939 года», — піша Андрэй Раўкоў.

Як мяркуе міністр, менавіта савецкая армія не дазволіла разгарэцца ў свеце ядзерна-ракетнай вайне. Задачай арміі на сённяшнім этапе Раўкоў называе «абарону суверэнітэта, незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці краіны, захаванне міра і стабільнасці».

Чыноўнік адзначае, што на сёння ва Усходняй Еўропе адбываецца нарастанне негатыўных тэндэнцый у пытаннях міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі. Вялікай пагрозай Раўкоў называе тэрарыстаў і іх дзейнасць.

Спыняецца асобна міністр на так званых «гібрыдных войнах». Падкрэслівае, што іх распрацавалі на Захадзе, а адзін з іх стваральнікаў, амерыканскі навуковец Фрэнк Хофман акрэсліў характар сучаснай вайны, як «змяшаная ці размытая прырода барацьбы». Не забываецца Раўкоў нагадаць і пра так званыя «каляровыя рэвалюцыі», якія, на ягоную думку, маюць падобную прыроду.

Далей вялізная частка артыкула прысвечаная падзеям у Сірыі. «Некаторыя ваенныя вучоныя лічаць, што па сваёй сутнасці грамадзянская вайна ў гэтай краіне, як барацьба рэгулярнай арміі супраць ірэгулярных узброеных фармаванняў, — новы крок у развіцці ваеннага мастацтва», — піша Раўкоў.

«З аднаго боку дзейнічае сірыйская армія, якая складаецца з армій, дывізій, палкоў, батальёнаў, падрыхтаваных для вядзення традыцыйнай вайны і адбіцця знешняй агрэсіі ў ходзе эшаланаванай абароны з выразным пазіцыянаваннем паняццяў «фронт — тыл». З іншага боку — узброенае крыло апазіцыі. Аднак нават павярхоўны аналіз кажа пра неадназначнасці яго складу, аб наяўнасці ўсярэдзіне яго масы розных па сваіх мэтах і задачах узброеных груп: ад прафесіяналаў да абяздоленых, у тым ліку ідэйных паўстанцаў, крымінальнікаў, бандытаў, баевікоў», — лічыць міністр абароны.

Раўкоў піша, што ў Сірыі міжнародныя актары апрацоўваюць новыя тэхналогіі вайны, як было з Іспаніяй 1930-х.

«Па сутнасці, адным з новых дасягненняў ваеннага мастацтва, рэалізаванага ў дзеяннях супраць Сірыі, з'яўляецца знойдзены выхад з «інтэлектуальнага тупіка» ваеннай навукі, калі наяўнасць на ўзбраенні якой-небудзь краіны зброі масавага паражэння і сродкаў яго дастаўкі рабіла практычна самагубнай агрэсію супраць яе».

«Выхадам» Раўкоў называе «воблачнага» праціўніка, які нібыта і ёсць, але якога адначасова няма. І пры тым, што рэгулярная армія мае колькасную перавагу ў 10 разоў, яна не можа атрымаць перамогу, а наадварот толькі губляе тэрыторыю. Маўляў, сірыйскія паўстанцы маюць аграмадную падтрымку з-за мяжы.

«І толькі дзякуючы аказанню падтрымкі з боку Расеі народу Сірыі у барацьбе з міжнароднымі тэрарыстычнымі арганізацыямі, удзелу ў баявых дзеяннях расійскіх узброенных сіл ўдалося пераламаць сітуацыю на карысць урадавых войскаў Сірыі і вызваліць ключавыя гарады, дэблакаваць асноўныя камунікацыі», — лічыць міністр.

Ён кажа, што Беларуссю вывучаецца досвед «гібрыдных войнаў» і «воблачных праціўнікаў». Чамусьці пра досвед Украіны генерал не згадаў ніводнага разу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?