2018 год юбілейны не толькі для нашай краіны, што адзначае 100-годдзе БНР, не толькі для XXV Міжнароднай кніжнай выставы, што ад учора праходзіць у выставачным комплексе БелЭкспа. Выдавецтву «Тэхналогія» спаўняецца сёлета 30 гадоў.

Абавязкова завітайце ў госці да цмокаў: на юбілейным стэндзе вас чакаюць найлепшыя выданні па гісторыі, музыцы і мовазнаўстве, прыгожыя паштоўкі, канверты і календары. Запланаваны таксама цэлы марафон прэзентацый і сустрэч, які стартуе ўжо заўтра.

У пятніцу, 2 сакавіка, ад 13-й да 15-й гадзіны адбудзецца аўтограф-сесія Андруся Горвата з нагоды выхаду кнігі «Радзіва Прудок». Між іншага, выданне атрымала некалькі прэстыжных літаратурных прэмій і шмат пазітыўных водгукаў ад чытачоў, а наклад дадрукоўваўся тройчы! Калі хочаце даведацца, дзе знайсці сапраўдны беларускі космас, як вярнуцца да каранёў, не згубіць бабуліны аповеды і, што найважнейшае, стаць сваім для самога сябе — прыходзьце пагутарыць з аўтарам гэтага надзвычай цікавага дзённіка. Будзе ўтульна!

У гэты ж дзень ад 16-й да 18-й гадзіны Зміцер Санько прэзентуе зборнік беларускіх народных загадак «Хто адгадае?» Вясёлай і загадкавай стане летняя вандроўка кожнага, хто захопіць гэтую кнігу ў дарогу. Не палянуйцеся завітаць на стэнд і набыць яе! Таксама ў межах імпрэзы можна будзе пазнаёміцца з цікавым выдавецкім праектам, накіраваным на папулярызацыю беларускай мовы і павышэнне культуры мовы, — «А як па-беларуску?» Ён адрасуецца ўсім, хто імкнецца да чысціні сваёй гаворкі, да вобразнасці і трапнасці ў штодзённым маўленні. У серыю выданняў увайшлі даведнік-мінімум «А як па-беларуску? Прымаўкі, прыказкі, фраземы», аднайменная лістоўка, а таксама кішэнны даведнічак «125 папулярных выслоўяў».

У суботу, 3 сакавіка, ад 13-й да 16-й гадзіны выдавецтва запрашае на аўтограф-сесію Уладзіміра Лякіна — аўтара кнігі «Ліцвіны ў гвардыі Напалеона». Пасля паспяховай прэзентацыі ў Акадэмічнай бібліятэцы і на выставе гістарычнай кнігі ў Варшаве гэтае выданне, уганараванае сёлета Дыпломам I ступені на Нацыянальным конкурсе «Мастацтва кнігі», прапануецца ўвазе шырокай публікі. Яно ўпершыню на беларускай мове апавядае пра нашых продкаў, нараджэнцаў Вялікага Княства Літоўскага, якія служылі ў гвардзейскай кавалерыі Напалеона. Маладыя людзі апынуліся ў адным шыхце пад імператарскімі арламі з адной мэтай: вярнуць незалежнасць Радзіме. Вялікую цікавасць выклікае дадатак: кароткія біяграфічныя звесткі пра больш за тысячу нашых суайчыннікаў-гвардзейцаў. Шмат хто з дапытлівых чытачоў пазнае сярод іх сваіх прадзедаў.

Шчыра запрашаем!

НВК «Тэхналогія» УНП 100008965

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0