Сяргей Харэўскі падчас прэзентацыі.

Сяргей Харэўскі падчас прэзентацыі.

1 сакавіка ў Мінску, у адукацыйным цэнтры «Прапілеі», прэзентавалі кнігу «Шляхамі БНР. Да 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі».

Кніга дае магчымасць, прыехаўшы ў любы абласны беларускі горад (і некаторыя раённыя), ісці ад адраса да адраса, успамінаючы падзеі стогадовай даўніны і імёны аўтараў беларускай незалежнасці.

Бо дзеячы БНР — гэта ж не толькі Мінск. Не толькі Рада з славутага фота. Гэта сотні людзей па ўсёй краіне — палітыкаў, святароў, настаўнікаў, сялян, салдатаў… Гэта дзякуючы іх ахвярам і працы Беларусь змагла «выруліць» урэшце ў незалежнасць пры канцы ХХ стагоддзя.

«Шляхамі БНР» склалі дзевяць гісторыкаў з усёй краіны. Кожны з іх даследаваў сляды і адрасы Беларускай Народнай Рэспублікі ў пэўным рэгіёне. Гэта калектыўны ўнёсак выкладчыкаў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта і яшчэ шэрагу навукоўцаў у святкаванне стагоддзя БНР. Прафінансаваў выданне таксама ЕГУ.

Адкрывае ж кнігу артыкул замежнага цяпер гісторыка Захара Шыбекі, які жыве ў Ізраілі.

Даследчык спрабуе адказаць на пытанне, якое часта ўзнікае ў сувязі з БНР: чаму сталіцай стаў Менск, а не Вільня?

Мы занураемся ў складанасці беларуска-літоўскіх узаемадачыненняў у 1918-19 г.

Пра сталіцу Беларусі піша знаўца Мінска Сяргей Харэўскі, які быў ініцыятарам і рухавіком выдання гэтай кнігі.

Цуд, але ў Мінску, адзначае ён, нягледзячы на ваенныя разбурэнні і «мірнае руйнаванне», захаваліся амаль усе адрасы БНР — нават будынак, дзе была абвешчаная Незалежнасць.

Андрэй Чарнякевіч.

Андрэй Чарнякевіч.

Гарадзенец Андрэй Чарнякевіч пісаў пра другую сталіцу БНР — Гродна. Сюды пераехаў урад, калі ў Менск зайшлі бальшавікі. Яго тэкст найбольш паслядоўна вытрыманы ў стылістыцы пуцяводніка для разгорнутай экскурсіі па Гродне 1918—19-га. 

Магілёўскія гісторыкі Аляксандр Агееў і Ігар Пушкін з гонарам распавялі, што самую масавую падтрымку Беларуская Народная Рэспубліка мела ў іх родным горадзе: 31 сакавіка 1918, падчас гарадскога сходу ў Магілёве 400 дэлегатаў прагаласавалі за незалежнасць.

Ігар Пушкін.

Ігар Пушкін.

Ігар Пушкін эмацыйна даводзіў, што Магілёў спрадвеку быў адным з самых беларускіх гарадоў — у 1916-м беларусамі ў ім запісалася 20% насельніцтва. У той час ні Мінск, ні Гродна такім пахваліцца не маглі. У Магілёве нават патомная радавітая шляхта запісвалася беларусамі, а роднай мовай пазначала беларускую.

І менавіта за падтрымку БНР, адзначыў даследчык, Магілёў з прыходам бальшавікоў у 1919-м з губернскага зрабіўся павятовым горадам. (Магілёўская вобласць была наноў утвораная толькі ў 1938-м.)

Доктар мастацтвазнаўства з Брэста Ірына Лаўроўская ўпісала ў кнігу берасцейскія адрасы Аляксандра Цвікевіча і генерала Булак-Балаховіча.

Ірына Лаўроўская.

Ірына Лаўроўская.

Ёсць меркаванне, што менавіта з берасцейскіх Граеўскіх казармаў вайсковае злучэнне Балаховіча выйшла ўжо Беларускай народнай арміяй.

Сюды з Гродна перасяліліся дзеячы БНР Лукаш Дзекуць-Малей, перакладчык Евангелля на беларускую мову, і Адам Трыпус.

Гарадзенка Іна Соркіна прысвяціла свой тэкст слуцка-капыльскаму рэгіёну.

Слуцкае паўстанне 1920-га немагчыма не згадаць: яно было прыкладам масавага ўзброенага змагання за незалежнасць.

Нават у Гомелі, перададзеным немцамі Украіне, былі спробы стварыць інстытут камісара БНР. Гомельшчына звязаная з такімі імёнамі, як Палута Бадунова, Мітрафан Доўнар-Запольскі, Язэп Няцецкі, Яўсей Канчар. Пра гэта расказала гісторык Валянціна Лебедзева.

Валянціна Лебедзева.

Валянціна Лебедзева.

Гісторык Юрась Бачышча цытуе невядомыя раней дакументы з архіваў Музея памяці ахвяр генацыду ў Вільні, якія тычацца беларускіх дзеячаў пачатку ХХ ст. — ксяндза Адама Станкевіча і выкладчыцы Віленскай беларускай гімназіі Алены Лекант.

Пры канцы кнігі — ілюстраваны дадатак на сорак старонак.

Набыць выданне можна будзе ў кнігараспаўсюднікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?