Найлепшым фільмам прызнана «Форма вады» Гільерма дэль Тора.

Reuters.com

У «Формы вады», акрамя галоўнай узнагароды, яшчэ тры «Оскары». Гільерма дэль Тора атрымаў за карціну прэмію як найлепшы рэжысёр. «Оскары» фільм узяў таксама ў катэгорыях «Найлепшы саўндтрэк» і «Найлепшы дызайн фільма».

У фільме распавядаецца пра жыццё нямой дзяўчыны Элайзы Эспазіта, якая ў разгар халоднай вайны працуе ў сакрэтнай лабараторыі ў ЗША прыбіральшчыцай. Яна становіцца сведкай таго, як там вывучаюць і катуюць незвычайную істоту-амфібію. Калі яна разумее, што яго могуць забіць, Элайза вырашае выратаваць яго ў што б там ні стала.

Акрамя «Формы вады», на галоўны «Оскар» прэтэндавалі «Прывідная нітка» Пола Андэрсана, «Дзюнкерк» Крыстафера Нолана, «Лэдзі Берд» Грэты Гервіг, «Цёмныя часы» Джо Райта, «Назаві мяне сваім іменем» Лукі Гуаданьіна, «Тры білборды на мяжы Эбінга, штат Місуры» Марціна Макдонаха, «Сакрэтнае дасье» Стывена Спілберга, «Прэч»Джордана Піла.

Спіс асноўных узнагародаў

***

Найлепшы рэжысёрГільерма дэль Тора за фільм «Форма вады»

«Найлепшы акцёр»Гэры Олдмэн за фільм «Цёмныя часы» (роля Уінстана Чэрчыля).

Найлепшая жаночая роля — Фрэнсіс МакДорманд, «Тры білборды на мяжы Эбінга, Місуры».

Найлепшы аператар — Роджэр Дыкінс, «Той, хто бяжыць па лёзе 2049».

У намінацыі «Найлепшы адаптаваны сцэнар» перамогу атрымаў Джэймс Айверы за фільм «Назаві мяне сваім іменем». Айверы — 89 гадоў.

Прыз за «Найлепшы арыгінальны сцэнар» атрымаў фільм «Прэч» Джордана Піла  — гэта хорар на тэму расавай талерантнасці

У намінацыі «Найлепшы кароткаметражны фільм» перамагла стужка «Нямое дзіця» Крыса Овертана і Рэйчэл Шэнтан. Гэта фільм пра глухую дзяўчынку, да якой нікому няма справы, пакуль да яе не прыходзіць сацработнік. 

Фільм «Рай — гэта затор на 405-й шашы» перамог у намінацыі «Найлепшы кароткаметражны дакументальны фільм». Ён распавядае пра мастачку з псіхічным захворваннем.

Прэмію за найлепшы мантаж атрымаў «Дзюнкерк», гэты ж фільм атрымаў статуэткі за «Найлепшы мантаж гуку», «Найлепшае звядзенне гуку».

Пераможцам у намінацыі «Найлепшы дызайн» стаў фільм «Форма вады», а ў намінацыі «Найлепшыя візуальныя эфекты»«Той, хто бяжыць па лёзе 2049».

Найлепшым фільмам на замежнай мове стала «Фантастычная жанчына» чылійскага рэжысёра Себасцьяна Леліа пра тое, як змяняецца жыццё жанчыны-трансвестыта пасля страты каханага.

Найлепшай анімацыйнай стужкай названа «Таямніца Како» студыі Pixar Лі Анкрыча і Адрыяна Моліна, што распавялае пра 12-гадовага Мігеля, які марыць стаць музыкантам і адпраўляецца ў падарожжа ў Краіну Мёртвых.

Найлепшай дакументальнай карцінай назвалі фільм «Ікар», прысвечаны праблеме допінгу ў расійскім спорце.

Найлепшым фільмам на замежнай мове стала згаданая вышэй «Фантастычная жанчына».

«Найлепшым акцёрам другога плана» стаў Сэм Рокуэл («Тры білборды на мяжы»).

Reuters.com

Прыз за «Найлепшую жаночую ролю другога плана» атрымала Элісан Джэні («Тоня супраць усіх»), што сыграла маці скандальнай фігурысткі Тоні Хардынг.