Валеры Лабко

Валеры Лабко

7 кастрычніка ня стала Валер’я Лабка. Ён памёр у Вільні, раптоўна. Спынілася сэрца.

Біяграфіі ці ня ўсіх беларускіх фатографаў, чые імёны сёньня вядомыя ў сьвеце, абавязкова маюць радок «вучыўся ў Валер’я Лабка. Для папярэдняе гэнерацыі беларускіх фатографаў ягонае імя было легендаю. У 1980‑я гады рамантыкі вырашылі вярнуць фотаграфіі былую значнасьць, вярнуць яе ў мастацтва. Гэтак паўстаў фотаклюб «Менск» і студыі пры ім, якой кіраваў і Валеры Лабко. Ён выявіў сябе геніяльным пэдагогам, які назапашваў усё новыя і нязнаныя раней спосабы выкладаньня. У выніку аўтарская студыя Лабка мела ўсё новыя наборы: былі і другая і й трэцяя студыі. Гэтак Валеры Лабко стаў легендаю, настаўнікам, які сваім вопытам і працамі паўплываў на творчы лёс многіх фатографаў Беларусі.

Менавіта

са зьяўленьнем гэтых студыяў і наступным бурным творчым ростам яе выпускнікоў, перадусім «студыі 3», стала магчымым гаварыць што ўнікальны экспэрымент удаўся — паўстала нацыянальная школа фотамастацтва.
Ягоныя выпусьнікі пачалі арганізоўваць уласныя студыі і творчыя групы з падобных генэзісам. З аўтарамі, якія зьявіліся ў выніку работы студый Лабка зьвязваюць зьяўленьне «менскай школы творчай фатаграфіі». Асабліва заўважнымі сталі творчыя групы «Правінцыя»,

«Панарама», «Беларускі клімат», «Мета».

Увесь сьвет дазнаўся пра вучняў Лабко пасьля выданьняў манаграфіяў «Іншабачцы», што выйшла ў Фінляндыі й Photo Manifesto, што выйшла ў Амэрыцы, пасьля беларускіх выставаў у Нью‑Ёрку і Балтымары.

Пасьля таго, як Валеры Лабко запачаткаваў грунтоўную рубрыку «Творчая фатаграфія» у часопісе «Мастацтва», адраджэньне гэтага драматычнага віду творчасьці ў Беларусі стала фактам. У пачатку бурных 1990‑х гадоў ім былі падрыхтаваныя кнігі па фатагарафіі, шэраг выставаў і багата публікацыяў, вялікая выстава ў Бэрліне, каталёг «Fotografie aus Minsk». Творы беларускіх фатографаў, вучняў Лабка, трапляюць цяпер у музэйныя калекцыі Эўропы і Амэрыкі. Творы іх настаўніка, самога майстра, зьберагаюцца цяпер у калекцыях Музэю сучаснага мастацтва ў Стакгольме і ў Дацкай каралеўскай бібліятэцы.

Валеры Лабко стаў адным зь беларускіх першапраходцаў сьвету Інтэрнэту. Яшчэ ў 1996‑м годзе ён у адным з першых аглядаў інтэрнэту выславіў славутую сэнтэнцыю: «чым больш інтэрнэту, тым менш сацыялізму, і наадварот ‑‑ чым больш сацыялізму, тым менш інтэрнэту». Валеры Лабко быў аўтарам і ўдзельнікам шматлікіх праектаў беларускага інтэрнэту: «New Town — Новы Горад», «Ecohome — Экадом», «Nature — Прырода», «Poetry — Паэзія» ды іншых. Але, перадусім, гэта праект парталу «Zniata».

Апошнім ягоным вялікім праектам было выкладаньне ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсітэце. Пад ягоным кірўніцтвам узімку зьдзейсьніўся студэнцкі экспэрыментальны фотапраект «Няісная Эўропа».

Напісаць ягоны жыцьцяпіс нялёгка. Як майстар фотасправы Валеры Лабко стаў аўтарам шэрагу ўнікальных тэхналёгіяў у галіне праяўкі і друку. Несупыннае экспэрымэнтатарства й асабісты нонканфармізм Валер’я Лабка спалучаліся зь вернасьцю клясычным традыцыям. Пранёс ён і вялікую любоў да сваіх вучняў, якім не шкадаваў ані часу, ані чалавечае цяплыні.

Бывай, сябра, калега і настаўнік. Сьветлая памяць!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?