Сталіца Беларусі, горад-герой Мінск, мае не так ужо і шмат пазнавальных падзей у галіне галерэйнай справы. Адной з такіх з’яў-брэндаў, якія штогод збіраюць натоўп з цікаўных да мастацтва, з’яўляецца выстава «Мір Мёду».Калі прамовіць «Мір мёду» ў перапоўненым аўтобусе, што едзе з вуліцы Ангарскай на вуліцу Таёжную ў 6.15 раніцы, у салоне адчуецца прыемны рух. Твары працоўных падсветляцца шчасцем. Некаторыя заўсміхаюцца, прыпамінаючы кампрэс з пяргі, праполіса і гарэлкі, якім у пазамінулым годзе амаль вылечылі рэўматызм. Зусім іншую рэакцыю мы пабачым, калі ў тым жа аўтобусе ў 6.15 раніцы вымавім словы «Хаім Суцін», «трансгуманізм Гігера» ці «постмадэрніцскае прачытанне Джэфа Кунса». 

Маючы глядацкую звышпазнавальнасць, месцячыся ў самай прэстыжнай выставачнай зале Беларусі — Палацы Мастацтваў, — візуальная падзея «Мір Мёду» штогод пралятае міма пільнай куратарскай увагі. Сур’ёзныя крытыкі, мастацтвазнаўцы, фундатары і дабрадзеі, гэтаксама як укладальнікі прыватных арт-калекцыяў, не заўважаюць выставы. То, узброіўшыся томікам Лотмана і раздрукоўкай артыкулаў Вальтэра Беньяміна, мы вырушылі на «Мір Мёду», каб спасцігнуць яе патаемную прыгажосць.

Прыпынак ля Палаца мастацтваў сустракае сіцібоксам з рэкламай продажу футраў, які сёлета ананімная мастацкая група, адказная за «Мір мёду», вырашыла (хіба што для большай сацыяльнай іроніі?) улучыць у свой мядовы карнавал. Прыгожая дзяўчына на рэкламным плакаце выглядае як ахвяра аб’ектывацыі, і ў гэтым хіба што палягае першая арт-правакацыя: дзе яшчэ ў звышкарэктнай Еўропе знойдзеш такое наўпроставае выказванне? Пра феміннасць, прыгажосць і яе ўзаемасувязь з поўсцю забітых жывёл?

Пакуль хіжыя духам рубяцца ў сваіх фэйсбучыках на тэму таго, ганьба ці не кліп Шнурава і Галыгіна, сапраўдныя эстэты ідуць казытаць сабе нервы на вул. Казлова, 3. Вось дзе сапраўдны арт і сапраўдны глядацкі трафік.

Злева ад уваходу нас сустрэла экспазіцыя, стылізаваная пад міні-краму абутку. Тут можна «набыць» чаравікі і паўчаравікі, боты і паўботы ўсіх адценняў чорнага і шэрага. Першапачаткова такі прасторавы выгін нас засмуціў: навошта дэбютаваць абуткам, калі падзея звязаная з мёдам? І толькі пагартаўшы Лотмана, мы зразумелі падтэкст: любы твор сучаснага мастацтва раскрывае свае патаемныя сэнсы толькі пры інтэрпрэтацыі, якая як той абутак, што змяняе адчуванне дарогі.

Насупраць абутку — стэнд, на якім гандлявалі «карцінамі». «Карціны» — красівыя, такія не сорамна павесіць і ў актавай зале камвольнага камбіната. У вочы кінуліся старанна вымаляваныя «Тры багатыры», харашы былі таксама два белыя кані, ззаду якіх цурчэў вадаспад. Тут была выява мядзведзя, якога кусаў за нагу сабака, прычым зразумела рабілася, што сабаку хутка зробіцца не вельмі добранька. Таксама не пашкадавалі тут мора і паруснікаў. Я магу памыліцца, але эксплікацыяй дадзенага прыпынку ў экспазіцыі была насмешка над традыцыйным, старым, «не мядовым» віжуалам. Куратары паказвалі, якім нягеглым ёсць рэпрэзентатыўнае мастацтва, як яно тужыцца перадаць свае адвечныя сюжэцікі кшталту пакусанага за нагу мядзведзіка ці тых жа багатыроў. Зрабі некалькі крокаў, уздыміся па лесвіцы, і ты апынешся ў свеце маўклівага і такога моцнага мёду. Мёд нашмат красамоўнейшы за жывапіс у багатых рамах.

І мы падняліся, і замерлі ў самым цэнтры гэтага свяцілішча. Спачатку нас сустрэлі шубы. Вырабленыя з натуральнага футра. Пахучыя. Цяжкія. Цёплыя. Іх было вельмі шмат: з дапамогай гэтай экспазіцыі можна зрабіць шчаслівымі супрацоўніц якой-небудзь цэлай галіны прамысловасці. Шубы адрозніваліся не толькі па цеплыні, даўжыні і малюнку, але і ступенню сваёй гарэзлівасці. Самая разбэшчаная з іх, крэмавая, з легкадумным паяском, была пастаўленая асобна, ля ўваходу. Супадзенне? Не думаю. Зноўку куратарскі жарт на тэму жаночай аб’ектывацыі і яе выкарыстання ў камерцыі.

У шубах мяне больш за ўсё збянтэжыла маўклівасць. Яны быццам ведалі болей, чым казалі іх цэннікі і налепкі зніжак. Кожная з іх была матылём, які памятаў варушэнне вусеня. Каго ты кранаеш, калі гладзіш гэты чорны рукаў? Кім ты была, фарбаваная пад собаля поўсць? Коцікам? Авечкай? Зайчыкам? Вальтэр Беньямін шамацеў старонкамі і падказваў, што гэтая выстава футра — кшталту таго раздзела ў раённым краязнаўчым музеі, дзе выстаўленыя чучалы насельнікаў лесу.

Задуменны, я пайшоў прэч і апынуўся сярод паклоннікаў мёду. Я частаваўся, гандляваўся, я чуў гэты знакаміты заклён: «Другі слоік бясплатна». Сярод верасковага, лугавога, травянога, канюшынага, грачанага мёду, сярод памору, пяргі, трутневага малачка, пылу, агнёўкі і сотаў я раптам зразумеў галоўнае. Зараз я гэта сфармулюю.

 

Чаму выставай «Мір мёду» трэба замяніць усе іншыя арт-падзеі ва ўсіх мастацкіх музеях Беларусі?

 Па-першае, мёд — мастацтва зразумелае для нашых людзей. Тут ты сапраўды бачыш усе слаі насельніцтва, і кожны з гэтых слаёў шчаслівы, бо разумее сэнс. Ніхто не спыніцца побач з ружай, выразанай з воску, і не скажа: «Ха, ды маё дзіця можа так!». Бо дзіця так не зробіць.

Па-другое, мёд — мастацтва добрае. Шмат якія мядовыя вырабы лечаць, ідуць на карысць арганізму. Хіба ідзе на карысць арганізму сучасная фотавыстава пра тое, як цяжка жывецца ў Беларусі ці ва Усходняй Еўропе?

Па-трэцяе, мёд прадугледжвае наўпроставую форму інтэрвенцыі ў свет мастацкага твора. Мёд трэба есці. Закладаць у сябе, праглынаць. Ласавацца ім. Калі б Маркам Шагалам можна было ласавацца, неахвочых да Шагала было б значна меней.

Па-чацвёртае, мёд прадаецца па нашмат больш даступных цэнах. Калі супаставіць сярэдні цэннік на бляшаначку лугавога мядку з роўнай па вазе карцінай з «Восеньскага салона», дык цэны могуць адрознівацца не проста ў 10, але і ў 100, і ў 1000 разоў. А мастацкая вартасць будзе шмат для якіх твораў «Восеньскага салона» прыкладна такой жа. Дык навошта пераплачваць?

Па-пятае, мёд заўсёды мае прыемны цёплы колер. Слоікамі з мёдам можна ўпрыгожваць спальні і гасцёўні, не баючыся што фарбавыя дысанансы будуць бянтэжыць нервы.

Мастацкі твар беларускай сталіцы — гэта твар выставы «Мір Мёду». Давайце ж будзем ганарыцца тым, да чаго дайшлі!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?