Аляксандр Лукашэнка 9 кастрычніка накіраваўся з афіцыйным візітам у Кыргызстан. Пра гэта паведамляе прэс‑служба прэзідэнта.

10 кастрычніка ў Бішкеку прэзідэнт Беларусі возьме ўдзел у пасяджэннях Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД і Міждзяржаўнага савета Еўразійскай эканамічнай супольнасці.

Лідэры краін СНД разгледзяць перспектывы эканамічнага і гуманітарнага супрацоўніцтва, арганізацыю бяспекі і праблемы аптымізацыі работы Садружнасці. У прыватнасці, парадак дня ўключае абмеркаванне праекта стратэгіі эканамічнага развіцця СНД да 2020 года, пытання аб вызначэнні супрацоўніцтва ў галіне энергетыкі ключавой сферай узаемадзеяння дзяржаў — удзельніц СНД у 2009 годзе, плана асноўных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і святкаванні 65‑й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гадоў.

Таксама неабходна разгледзець пытанні ўмацавання Садружнасці як міжнароднай арганізацыі.

На саміце ЕўрАзЭС прэзідэнты прааналізуюць вынікі рэалізацыі ўжо дасягнутых дамоўленасцей і вызначаць прыярытэтныя кірункі дзейнасці на найбліжэйшую перспектыву.

На разгляд кіраўнікоў дзяржаў выносяцца даклад генеральнага сакратара ЕўрАзЭС аб фарміраванні Мытнага саюза і адзінай эканамічнай прасторы ў рамках супольнасці, пытанне аб наданні Еўразійскаму банку развіцця статусу назіральніка пры ЕўрАзЭС і праект бюджэту ЕўрАзЭС на 2009 год.

Удзельнікі сустрэчы абмяркуюць праект мерапрыемстваў на 2008—2010 і наступныя гады па рэалізацыі прыярытэтных кірункаў развіцця ЕўрАзЭС. У ім улічаны неажыццёўленыя ў 2003—2007 гадах мерапрыемствы па фарміраванні энергетычнага рынку, транспартнага саюза, узаемадзеянні ў рэальным сектары эканомікі, а таксама пытанні харчовай бяспекі, супрацоўніцтва ў сацыяльна‑гуманітарнай, экалагічнай сферах, у галіне міграцыйнай палітыкі, удасканалення сістэмы кіравання ЕўрАзЭС.

У рамках афіцыйнага візіту 11 кастрычніка кіраўнік беларускай дзяржавы правядзе двухбаковыя перамовы з прэзідэнтам Кыргызскай Рэспублікі Курманбекам Бакіевым, па выніках якіх плануецца падпісанне дакументаў, «накіраваных на пашырэнне дагаворна‑прававой базы ўзаемадзеяння ў розных сферах супрацоўніцтва», паведамляе прэс‑служба.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?