Хокінг прамаўляў іх пры дапамозе свайго знакамітага сінтэзатара маўлення. Ад прычын існавання Сусвету да стаўлення да жыцця: мы выбралі самыя вядомыя з ягоных цытат.

Пра цікавасць да космасу: «Я думаю, што жыццё на Зямлі пастаянна знаходзіцца пад пагрозай знішчэння, напрыклад, у выніку ядзернай вайны, генетычнага віруса або іншых трагедый. Я думаю, што ў чалавецтва няма будучыні, калі яно не адправіцца ў космас. Так што я хачу павысіць грамадскую цікаўнасць да космасу».

Аб іншапланецянах: «Калі іншапланецяне калі-небудзь наведаюць нас, я думаю, што вынік будзе такі ж сумны, як і для карэнных амерыканцаў, калі Хрыстафор Калумб высадзіўся на бераг Амерыкі».

Аб чорных дзірах: «Эйнштэйн не меў рацыі, калі сказаў: «Бог не гуляе ў косці». Вывучэнне чорных дзір паказвае, што Бог не толькі гуляе ў косці, але і часам падманвае нас, кідаючы іх туды, дзе мы не можам іх бачыць».

Аб Сусвеце: «Мы ўсяго толькі развітыя нашчадкі малпаў на маленькай планеце з нічым не характэрнай зоркай. Але ў нас ёсць шанцы спасцігнуць Сусвет. Гэта і робіць нас асаблівымі».

Пра прычыны існавання Сусвету: «Калі будзе знойдзены адказ на гэтае пытанне, гэта будзе поўным трыумфам чалавечага розуму, бо тады нам стане зразумелая задумка Бога».

Аб паралельных сусветах (з інтэрв'ю коміку Джону Оліверу):

— Вы неяк сказалі, што існуе бясконцая колькасць паралельных сусветаў, значыць, тэарэтычна ёсць сусвет, дзе я разумнейшы за Вас?

— Так. А яшчэ ёсць сусвет, дзе Вы смешны.

Пра чалавека: «Сярод усіх сістэм, якія ў нас ёсць, самыя складаныя — гэта нашы ўласныя целы».

Аб камерцыйным поспеху: «Усё сваё жыццё я дзівіўся тым галоўным пытанням, з якімі нам даводзіцца сутыкацца, і спрабаваў знайсці для іх навуковы адказ. Магчыма, таму я прадаў больш кніг пра фізіку, чым Мадонна пра сэкс».

«Нехта сказаў мне, што кожнае ўраўненне, якое я ўключаю ў кнігу, скарачае продажы ў два разы».

Аб славе: «Для маіх калегаў я проста яшчэ адзін фізік, але для шырокай публікі я стаў, магчыма, самым вядомым навукоўцам у свеце. Збольшага таму, што навукоўцы, за выключэннем Эйнштэйна, не падобныя на рок-зорак, а збольшага таму, што я ўпісаўся ў стэрэатып інваліда-генія. Я не магу схавацца за парыком або цёмнымі акулярамі — маё крэсла мяне выдае».

Пра цяжкія жыццёвыя сітуацыі: «Калі вы адчуваеце, што патрапілі ў чорную дзіру, не здавайцеся. Выйсце ёсць».

Аб недасканалым свеце: «Адным з асноўных правілаў Сусвету з'яўляецца тое, што няма нічога дасканалага. Дасканаласці проста не існуе. Без недасканаласці ні вы, ні я не існавалі б».

Пра лёс: «Я заўважыў, што нават тыя людзі, якія кажуць, што ўсё наканаванае і нічога нельга змяніць, глядзяць па баках, калі пераходзяць дарогу».

Пра людзей: «Ціхія людзі валодаюць самымі гучнымі розумамі».

«Калі мне споўнілася 12, адзін з маіх сяброў паспрачаўся з іншым на мяшок цукерак, што з мяне нічога не выйдзе. Не ведаю, ці закончылася гэтая спрэчка і на чыю карысць».

Пра розум: «Галоўны вораг ведаў — не невуцтва, а ілюзія ведаў.»

Аб эўтаназіі: «Я думаю, гэта было б памылкай. Якім бы жахлівым ні здавалася жыццё, заўсёды знойдзецца тое, у чым можна атрымаць поспех. Пакуль ёсць жыццё, ёсць надзея».

Аб фізічных абмежаваннях: «Я пражыў паўнавартаснае жыццё і задаволены ім. Я веру, што людзі з абмежаванымі магчымасцямі павінны канцэнтравацца на рэчах, у якіх іх недахоп не з'яўляецца перашкодай, а не шкадаваць пра тое, чаго яны не могуць рабіць».

Аб сваім унёску ў навуку: «Жыць, займаючыся даследаваннямі па тэарэтычнай фізіцы, — гэта было цудоўна. Я шчаслівы, калі мне ўдалося нешта дадаць да нашага разумення Сусвету».

Пра смерць: «Я жыву з прагнозам ранняй смерці апошнія 49 гадоў. Я не баюся смерці, але і не спяшаюся паміраць: я яшчэ хачу шмат чаго дабіцца».

Жыццё знакамітага англійскага фізіка-тэарэтыка, папулярызатара навукі Стывена Хокінга абарвалося раніцай 14 сакавіка 2018 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?