Мінскі world rock-гурт Re1ikt і віленская мануфактура Pi i Mar прэзентуюць крафтавую гарбату «Рэліктавы лес».

Напой створаны да перавыдання альбома «Лекавыя травы», які выйшаў у 2015 годзе і быў высока ацэнены крытыкамі ды слухачамі.

«Поспех альбома (а гэта вялікая колькасць прададзеных дыскаў, безліч каментароў, лайкаў, праглядаў і праслухоўванняў) навёў нас на думку ўвасобіць у фізічнай форме тое, што, уласна, натхніла на стварэнне альбому - збор беларускіх зёлак. Таму сумесны праект - гарбата «Рэліктавы лес» - яго лагічны працяг», - кажа лідар Re1ikt бубнач Аляксандр Дземідзенка.

Мануфактура гарбаты ў Вільні Pi i Mar збірае інгрыдыенты, якімі багатая беларуская зямля - свежыя травы ды кветкі, - і традыцыйныя для еўрапейскай гарбаты спецыі.

У складзе напою «Рэліктавы лес» - хвоя, ядловец, яблык і чорны чай. Навінка з’явіцца ў меню сталічнага «Грай-кафэ», а таксама на паліцах беларускіх крам.

«Многія артысты ствараюць уласныя брэнды (прыкладам, Снуп Дог вырабляе дызайнерскае адзенне, а Рыяна - касметыку), хоць гэтыя рэчы ў большасці выпадкаў мала звязаныя з музыкай. Мы ж памеркавалі, што беларусам да смаку будзе менавіта бадзёрлівы эка-напой.

Каб людзі маглі паглыбіцца ў атмасферу «Лекавых траў» мацней, каб змаглі перажыць новыя эмоцыі. Каб спалучэнне музыкі і смаку абудзіла ў іх новыя вобразы і фантазіі», - тлумачыць Аляксандр Дземідзенка.

Дэгустацыя гарбаты «Рэліктавы лес» для ўсіх ахвотных і акустычны канцэрт Re1ikt пройдуць у «Грай-кафэ» (г. Мінск, вул. Iнтэрнацыянальная, 33) 18 сакавіка ў 19.00.

Гурт Re1ikt спалучае сучасныя музычныя плыні з традыцыйным беларускім песенным фальклорам. Калектыў выкарыстоўвае рэдкія духавыя і перкусійныя інструменты, а таксама незвычайныя гітарныя эфекты. Re1ikt атрымаў шэраг музычных узнагарод у Польшчы і Беларусі, выступаў ва Украіне, у Літве і Расіі.

label.reaction.like
0
label.reaction.facepalm
0
label.reaction.smile
0
label.reaction.omg
0
label.reaction.sad
0
label.reaction.anger
0