На 120‑годзьдзе Драздовіча, што будзе 13 кастрычніка, прыдаліся ўспаміны пра яго, запісаныя колісь ад Пётры Сергіевіча — яшчэ аднаго патрыярха нашага мастацтва.

Між іншага, думку напісаць вядомую карціну «А хто там ідзе?» паводле Купалавага вершу, Сергіевічу падаў Язэп Драздовіч. Яны часта сустракаліся ў 1920—30‑я. Жылі ж у адным горадзе, у Вільні, і турботы ў іх былі аднолькавыя.

У тыя часы Драздовіч выхадзіў усю Заходнюю Беларусь. З мальбэртам праз плячо, з кайстрай пэндзляў пры баку, абветранага і загарэлага, але прагнага жыцьця і пазнаньня, летуценнага, яго можна было ўбачыць на Ашмяншчыне і Наваградчыне, Міршчыне і Вілейшчыне, маляўнічыя куточкі якіх самі клаліся на палотны і лісты Драздовіча. Гэтак нарадзілася сэрыя альбомаў з пэйзажнымі і партрэтнымі замалёўкамі: «Краявід зь елкаю» (у крузе), «Краявід з сасною», «Дуб ля хутара», «Пінскае балота», «Зімовы краявід з каплічкаю».

З трапяткім хваляваньнем Драздовіч расстаўляў мальбэрт і перад сівымі мурамі нашай даўніны — касьцёламі, замкамі, каплічкамі, гарадзкімі брамамі. Маляваў іх Драздовіч таропка, парывіста, нібы баяўся, што рассыплюцца ў пясок. У творах старога дойлідзтва яму бачыліся моц продкаў, іх дух непакоры перад ворагамі і стыхіяй. Крэва, Ліда, Наваградак, Мір, Трокі, Меднікі знайшла адбітак на графічных лістах Драздовіча.

У 1929 годзе сэрца яго паклікала прайсьціся па сьцежках Францішка Багушэвіча. І як вынік зьявілася каля дваццаці яго замалёвак, зьвязаных з памяцьцю пра Багушэвіча. Зь іх выяўлена толькі некалькі, і то рэпрадукцыі. Гэта малюнак сядзібы Багушэвіча, каплічкі пры сядзібе, камень‑валун з надпісамі: «Памяці Мацея Бурачка». І сямейнай магілы Багушэвічаў у Жупранах. А дзе ж рэшта? Іх трэба шукаць! Былі яны ўкладзеныя ў два сшыткі.

Драздовіча цікавіла ня толькі выяўленчае мастацтва. Ён і слова шанаваў. Нават складаў слоўнік народнай мовы. Сергіевіч, характарызуючы Драздовіча як асобу, неяк сказаў: «Быў ён чалавек цэласнай натуры. У голасе яго заўсёды чулася і песьня, і роздум, і пагаворка».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?