Ясна, што ніхто нікому нічога не павінен. Ані Вольскі, ані Міхалок. Але маглі б. Маглі б.

Маглі б. І гэта было б прыемна. Не змаглі — сумна. Не да месца гэтыя зьдзекі пра нейкіх «менскіх звышлюдзей». Проста так здарылася, што сталіца нашай радзімы — Менск і менавіта там абвесьцілі БНР. І сёлета ў яе юбілей. І ў дзень 100-годзьдзя БНР сэрца сьвяткаваньня, як бы хто сябе і іншых не падманваў — там. І калі адбываецца ў краіне нешта важнае і эпахальнае, то ўсе ведаюць, куды трэба ехаць. Не ў Мазыр і не Беласток (я іх люблю, усім прывет).

Асабіста для мяне — справа не ў голасе Вольскага ў гэты дзень ці скоках Міхалка. А ў тым, што калі сьвята, то ўсе хочуць быць разам там, дзе б'ецца сэрца сьвята. Не таму, што ўсе раптам сталі меламанамі, а таму што гэта самыя-самыя зоркі, якія надаюць ранг сьвяту. Дык можна было б увогуле адсьвяткаваць толькі з гармонікам ці цымбаламі, вершыкі дзеткам пачытаць у мікрафон, але нешта было б ня тое… У кожны іншы дзень так, але не 25.03.2018.

Панесла і спадара Латышонка. Такія словы псуюць перадсьвяточны настрой. Ды скажы ты, што: «Ну, хлопцы, выбачайце, мы ніяк ня можам адмяніць. Але мы зробім усё, каб тэлемост быў класны, уздымем за вас чарку, мы ж — сёстры і браты. Ня злуйцеся, даражэнькія. Мы вас выручым іншым разам. Жыве Беларусь». Дык не, «мы — еўрапейцы», «а што гэта за падзея». Эх… браты і сёстры, даражэнькія.

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?