Назоў нацыянальнае валюты — такі ж сымбаль краіны, як і назоў самой краіны, яе сьцяг і герб. Гэтае пытаньне не паўстае ў краёх, якія былі калянізаваныя. Там адказ выцякае з гістарычнага развою. У новых жа краінах адказ шукаецца часта ў жарсных дыскусіях.

Дзе ж мусім шукаць вытокі сымбаляў краіны, якія маюць быць жаралом гонару грамадзянаў і пашаны замежнікаў? У эпосе росквіту нашай зямлі. Пэрыядам канчатковага фармаваньня старажытнабеларускае дзяржаўнасьці, народнасьці і мовы сталіся часы актыўнага дзяржаўнага будаваньня Вялікага Княства Літоўскага. Гэтая эпоха пачалася з Гедыміна і дасягнула сваёй кульмінацыі за Вітаўта Вялікага. Гэты адцінак часу характарызуецца і існаваньнем адметнае старабеларускае грашовае сыстэмы, заснаванае на срэбных наміналах. Але пра гэта ніжэй, спачатку разгледзім іншыя пазыцыі, магчымыя пры выбары назову нацыянальнае валюты.

Вышэйзгаданы падыход ёсьць альтэрнатыўным двум іншым — адзін зь іх абапіраецца на «народную памяць» уплывовых людзей (бярэцца назоў зь ліку пашыраных даўней у народзе, з адкіданьнем каляніяльных варыянтаў), а другі прадугледжвае сьляпое запазычаньне апошняга назову, незалежна ад паходжаньня. Прыкладам першага падыходу ёсьць выбар кіраўніцтва Беларускае Народнае Рэспублікі — «таляр» (з націскам на другі склад), альбо яго русіфікаваны варыянт «талер», роўны 100 грошам. Другі тарнуецца цяпер у Рэспубліцы Беларусь. Зьмешаная камбінацыя ўжываецца ва Ўкраіне, дзе да гістарычнага тэрміну «грыўня» дастасавана запазычаньне «капейка». Іншыя нашы суседзі, да прыкладу, Латвія, яшчэ ў пачатку XX стагодзьдзя абралі штучны наватвор («лат»).

У сучаснай Беларусі абок рубля функцыі асноўнае лічэбнае адзінкі рэальна выконвае амэрыканскі даляр. Вядомы анэкдот пра нуварыша, што, прыехаўшы з Амэрыкі, у размове зь сябрам зьдзіўляецца, бо там у разьліках аказваецца таксама выкарыстоўваюцца «нашы баксы», выдатна ілюструе сытуацыю для ўсяе постсавецкае прасторы, апроч Балтыі. Толькі там, дзе нацыянальная валюта мае адносна вялікі (чытай — зручны для разьлікаў) курс, пазыцыі даляра ўжо значна аслабленыя.

Але на што ж лічылі грошы нашыя продкі? Першыя собскія грошы Беларусі — віцебскія ізроі, вядомыя яшчэ з XII стагодзьдзя, — паўкруглыя пруткі срэбра вагой крыху болей за 100 грамаў. Яны ўжываліся галоўным чынам для гуртовага гандлю. Ізроі рэзалі на часткі дзеля атрыманьня разьменных грошай. Дробная манэта за часоў утварэньня ВКЛ паступала зь іншых краінаў: нямецкія пенязі (дынары), пазьней праскія грошы, у меншай ступені і больш лякальна шэлегі абодвух крыжацкіх ордэнаў, драхмы Залатое Арды і польскія квартнікі (паўгрошы). Для найдрабнейшага гандлю ўжываліся скуркі вавёрак ды іншых зьвяроў. У XIV ст. галоўныя пазыцыі займае праскі грош. Грошы лічылі на копы і рублі. З пачатку стагодзьдзя капа амаль раўнялася рублю, які азначаў колькасьць грошаў у вагавой грыўні новага тыпу, і месьціла 60 грошаў шырокіх (праскіх). З пагаршэньнем якасьці апошняга, курс рубля ў 1413 г. замацаваўся на адзнацы 100, у той час як капа не зьмяніла сваёй вартасьці, бо была чыста лічэбным, не матэрыялізаваным паймом. У 80-я гады XIV ст. пачынаецца вытворчасьць дробнае манэты ВКЛ — пенязяў розных наміналаў, верагодна, заснаваных на даўнейшых вагавых адзінках полацка-віцебскае сыстэмы — даўгеі і завушні. Першыя эмісіі мелі ўдзельны (мясцовы) характар. Але ўжо дзесяцігодзьдзем пазьней грашовая вытворчасьць удзелаў згортваецца, што было зьвязана з узмацненьнем цэнтралізацыі дзяржавы вялікага князя Вітаўта. Б’юцца аднатыпныя пенязі для дробных разьлікаў. Значныя сумы па-ранейшаму лічылі на копы грошаў, радзей — на рублі грошаў. Яскравым фактам ёсьць існаваньне ў пачатку XV ст. трывалае дзесяцічнае грашовае сыстэмы — упершыню ў Эўропе на дзяржаўным узроўні! Адзін рубель быў роўны 100 грошам і 1000 пенязям. У канцы XV ст., з поўным вывядзеньнем з курсаваньня плацёжных пруткоў — рублёў, лік на копы пачаў пераважаць ва ўсіх праявах гаспадарчага жыцьця ВКЛ і шырока тарнаваўся яшчэ болей за стагодзьдзе, пакуль ня быў замешчаны польскім лікам на залатоўкі (роўныя 30 грошам).

Адметная старажытнабеларуская грашовая сыстэма перастала існаваць у другой палове XVI ст., калі яна была пасьлядоўна зрэфармаваная на ўзор польскае вялікімі князямі Жыгімонтам Аўгустам і Сьцяпанам Батурам. Толькі тады, з заняпадам беларускае дзяржаўнасьці, зьявіліся першыя таляры ВКЛ, уласьцівыя дагэтуль вылучна Заходняй Эўропе. Пазьней гэтыя манэты сталіся вельмі пашыранымі ў гандлі нашага краю, але былі прэзэнтаваныя пераважна эмісіямі Нідэрляндаў. Такім чынам, назоў «таляр» можа асацыявацца толькі зь беларускай дзяржаўнасьцю БНР, але не ВКЛ.

Такім чынам, сучасны назоў нацыянальнае валюты «рубель» мае поўнае права на існаваньне. Адзінае, што разьменная манэта мусіць звацца «грошам», а не «капейкай», якая ня мае да Беларусі жаднага дачыненьня. У пэрыяд найбольшага росквіту беларускае дзяржаўнасьці нашыя продкі карысталіся лічэбнымі і матэрыяльнымі рублямі, якія дзялілся на грошы ў прапорцыі 1:100. Мы маем добрыя шанцы адзначыць неўзабаве 600-годзьдзе першае ў Эўропе дзесяцічнае грашовае сыстэмы.

Дзьмітры Гулецкі, Менск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0