Як пазней патлумачыў пацярпелы мужчына, ён выйшаў з дома ў начную змену і накіроўваўся ў бок прыпынку электрычкі. Па дарозе заўважыў, што непадалёк жанчына выгульвае двух сабак, падобных на колі і баксёра, але асаблівага значэння гэтаму не надаў, паведамляе УУС Мінаблвыканкама.

Нечакана да мужчыны падбеглі гэтыя два сабакі, настроеныя відавочна агрэсіўна, пасля чаго жанчына крыкнула «фас». Калі адна з жывёл укусіла мінака, ён кінуўся бегчы. Сабакі сталі яго пераследаваць, а жанчына яшчэ раз выгукнула каманду нападу. Мужчына здолеў дастаць мабільны тэлефон і націснуў на першы нумар, што трапіўся. Калі цешча зняла трубку, ён хутка абмаляваў сітуацыю і папрасіў патэлефанаваць у міліцыю.

Супрацоўнікі Мачулішчанскага аддзела міліцыі ўбачылі сабак непадалёк ад месца здарэння. Тыя, атрымаўшы яшчэ адну каманду ад гаспадыні, кінуліся ўжо на іх. Міліцыянты прынялі рашэнне выкарыстаць табельную зброю. Папераджальны стрэл спыніў толькі баксёра, наступныя два стрэлы — і другога сабаку. Ён застаўся жывы, у ветклініцы з яго канцавін вынялі дзве кулі.

Як растлумачыў намеснік начальніка Мачулішчанскага аддзела міліцыі Андрэй Бандарчук, гаспадыня сабак — 54-гадовая мясцовая жыхарка. На момант затрымання жанчына знаходзілася ў моцным алкагольным ап'яненні. У жніўні мінулага года яна ўжо прыцягвалася да адказнасці ў падобнай сітуацыі. Тады яна атрымала штраф 460 рублёў.

Цяпер з нагоды здарэння праводзіцца праверка. Верагодна, гаворка будзе ісці пра крымінальную адказнасць за здзяйсненне злоснага хуліганства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?