Першая субота кастрычніка адзначана як сьвята настаўнікаў. У гэты дзень усе ўдзячныя вучні імкнуцца павіньшаваць сваіх улюбёных настаўнікаў, ад якіх засталіся ўспаміны аб атмасфэры школьнага навучаньня – цэлая эпоха чалавечага жыцьця. У былыя часы на Беларусі было заведзена пасталеўшаму гаспадару ставіць камень у гонар свайго настаўніка. Успомніце, тады званьне выхаванца (а менавіта выхаваньнем, падрыхтоўкай да жыцьця раней займаліся настаўнікі) было самым паважаным! Бо выхаваць, дакладна, чалавека – справа, што заслугоўвае павагі...

Так і я, у гэты дзень хацеў бы распавесьці пра адну найвыдатнейшую настаўніцу. Бэла Іванаўна 50 гадоў выкладала расейскую мову ў розных навучальных установах: ад інтэрнатаў, аж да інстытутаў. За гэты час яна ня мала сустрэла на сваём шляху, пра што нават кнігі ня хопіць напісаць...

— Бэла Іванаўна, віншую вас з Днём Настаўніка!

— Ой, ну, дзякуй-дзякуй! Хаця, што гэта за сьвята! Нават ня памятаю, калі яго адзначаюць (сьмяёцца)...

Мэтодыка:

— Якая ў мяне мэтодыка? А ніякай! У мяне звычкам так атрымоўваецца: я займею якуюсьць мэтодыку, а потым ілбом стукнуся аб яе — і тады яе мяняю на наступную. Таму што мэтодыка дасканалай, у прынцыпе, ня можа быць: з аднога боку яна ідэальная, а зь іншага гэта ўсё глупства й барахло!

— А ўсё ж такі, ад чаго вашыя вучні такія дасьведчаныя ў галіне мовы й літаратуры? Здаецца, тут усё ж ёсьць вашая заслуга!

— Я проста імкнуся чалавеку ўсё больш падрабязна растлумачыць — ну, хаця б на пальцах: вось так, ды так;.. пад усё годныя прыклады прыводжу... Люблю табліцы. Як мне здаецца, у табліцы можна грунтоўна ўкласьці ўсе правілы мовы... Вось, нядаўна Гарбацэвіч выпусьціла цудоўную кніжку «Русский язык в таблицах». Але гэтыя табліцы для мяне: іх разумею толькі я (сьмяецца)...

— Вось, нядаўна выйшаў артыкул, апавядаючы аб унікальнае мэтодыцы выкладаньня вершамі. Як вы можаце гэта пракамэнтаваць?

— Па-першае, я ня вельмі ўпэўненая, што гэтыя вершыкі зашмат дапамагаюць прасякнуцца правілам. Дый да таго ж, яны падаюцца вельмі не дасканалымі: «Корень мок давно промок – воду пропускает; корень мак такой чудак – лишь бы в что макает» – я думаю, лепш (дый больш лягічна) было б «в воду погружает», бо гэта менавіта апусканьне ў ваду...

— А ці ёсьць у вас практыка такога кшталту?

— Канешне! Я шмат гадоў таму склала такі вершык на правіла «О» пасьля шыпячых:

Шорох, чопорный, обжора,

Шов, крыжовник и шофёр,

Шоколад, шоссе, жонглёр,

Капюшон, мажор, чащоба,

И трещотка, и трущоба,

Шорты, шомпол, жом, жокей –

Букву «о» пиши скорей!

А зь іншага боку (зноў вярнуся да тых вершкаў), гэта цікава... І вучням, напэўне, таксама.

Бібліятэка:

— Я, ўвогуле, люблю грунтоўнасьць! Ну, у тым сэнсе, калі я схачу штосьць даведацца, я ўжо так буду тягнуцца ўва ўсе кніжачкі... Гэта ж жах! (паказывае на вялізарную бібліятэку) Паглядзі, што тут робіцца! (сьмяецца) Ад таго што я павінна прагледзець па дзесяцёх кніжкам: як там, а як тут.

— Вынікае, што вы імкнецеся знайсьці ўсе магчымыя варыянты, усе выключэньні?

— Так! Я стараюся апрацаваць усе-ўсе выпадкі, бо кожны падручнік дае, ну, два-тры, ну, пяць усялікіх выключэньняў. Я ж імкнуся набраць як мага больш – каб былі ўсе!.. Дый увогуле, у мяне гэтых выпадкаў на шмат больш, чым ува ўсіх гэтых мэтадычных дапаможніках, бо карыстаюся нават і іншаземнай літаратурай: маскоўская, піцерская...

— Які ваш галоўны прынцып у пляне складаньня выключэньняў?

— З большага зрабіць меншае можна, а горш, калі ня хопіць матэрыялу! Я так думаю: дасё вучню ўсе правілы, дык ён хаця б якіясьць запомніць, а інакш, усё роўна, цалкам ня зможа.

Напрацоўкі:

— У мяне, у свой час, было вельмі добрыя напрацоўкі па розным накірункам мовы й літаратуры. Так, былі неблагія дапаможнікі для настаўнікаў: як вывучыць «Вайну і мір»?.. Гэта ж чатыры тамы! Гадзін на навучаньне мала...

— Дык як жа вывучыць за такую колькасьць прайсьці самае галоўнае?

— Я тады прапаноўвала паступаць так: з усёй кнігі выбрала толькі 25 эпізодаў, але яны зьмяшчалі ў сябе ўсё: і тэма, і зьмест, і ідэйны зьмест, і вобразы, і мастацкія асаблівасьці – усё-ўсе! А яшчэ ў мяне былі карткі. На ніх былі адлюстраваныя ўсе эпізоды паасобку — такая «Вайна і мір» у ілюстрацыях... Вось, ты, чытаў гэты твор? Можаш не адказваць – ведаю ніхто не чытае! (сьмяецца)

А потым яны прыходзілі да мяне й выцягвалі картку. А там: «імяніны ў Растовых» – усё, яны павінны былі расказаць, хто такія Растовы, што гэта было ў Маскве й г.д... Такім чынам, у гэтыя 25 эпізодаў раскрываецца ўвесь твор – няма ніводнага пытаньня, на якое, прачытаўшы, ты ня здолееш адказаць.

— Калі падсумаваць, як, вы лічыце, павінен праводзіць свае заняткі настаўнік?

— Вось, я заўжды хацела, каб мне было цікава! Я думаю, што калі выкладчык не захапляецца сваёй справай, сваім урокам, дык і яго вучні не зацікавяцца!

Гісторыі:

— Са мною, як і з кожным настаўнікам, дый, думаю, з любым чалавекам, здараліся дзіўныя гісторыі. А працавала ў 23-й школе (цяпер, падаецца, то гімназія). Яна якраз месьцілася ў самым цэнтры Менску — менавіта таму да нас заўжды хадзілі ўсялякія праверкі. А тады, дарэчы, быў модны такі лёзунг «сям’я, грамадзтва, школа» – як колісь напісаў Гогаль у бесьсмяротнам «Рэвізоры»: не давядзі гасподзь служыць па навучальнай частцы! Ды, зразумела, ў гэтую няшчасную школу хадзілі правяраць усе: і бацька, і маці, і домработніца, нават былы бухгальтар... Дык вось, аднойчы да мяне падышоў дырэктар зь нейкім чалавекам, ды сказаў, маўляў, ён будзе сёньня прысутнічаць на маім уроку. «Ну, добра – думаю я, - што нейкага бухгальтара не падману?» А да ўрокаў я ўвогуле ніколі не рыхтавалася (нашто мне нейкія пляны, калі я і так усё гэта ведаю?) Дый цяпер не зьбіралася – вырашыла, няхай дзеці самі за мяне правядуць урок. А ў нас якраз была тэма «Біяграфія Грыбаедава» – кажу вучням: «Адкрываеце падручнік! Што вы можаце сказаць па партрэце аб гэтым чалавеку?» Ну, што тут пачалося! Дзецям жа цікава: яны спрачаюцца адзін з адным - а мне што: спакойна ўбаку стаю, папраўляю...

Дык вось. Скончыўся занятак, падыходзіць да мяне той «бухгальтар» і кажа: «А дзе вы ў гэтага крытыка прачыталі, што... Я такога не бачыў!» – і тут мне стала страшна (сьмяецца)... Як высьветлілася гэта быў літаратуразнаўца з Масквы, выкладчык унівэрсытэту — гэта ЦК вырашыла праверыць ідэалягічную работу ў беларускіх навучальных установах...

— Дык чым ўсё скончылася?

— Ну, мы зь ім так добра пагутарылі, потым пайшлі есьці (як гэта звычайна робіцца) у сталоўку. І ён мне кажа: «Якая ж вы сьмелая! Так упэўнена ўрок правадзілі — ніколі ня бачыў! — а я думаю: Вось, каб ведала, што ты з праверкаю ЦК прыйшоў, дык ні слова бы не сказала!» (сьмяецца)

Віншую яшчэ раз усіх настаўнікаў зь іхнім прафесійным днём! Павіншуйце й вы іх! Не забывайцеся на тых, што даў вам квіток у жыцьцё!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?