Ілюстратыўны скрыншот з фільма «Апошні волат».

Ілюстратыўны скрыншот з фільма «Апошні волат».

Паколькі я пастаянна слухаю аўдыякнігі — я вялікі спецыяліст па расійскім фэнтэзі. Як вялікі спецыяліст па расійскім фэнтэзі, я растлумачу вам тое, чаго вы ўсё ніяк не зразумееце пра Расію.

Запісвайце.

Самы папулярны персанаж расійскага фэнтэзі — «пападанац».

То бок чалавек, які трапіў у свет эльфаў і гномаў з якога-небудзь Нарыльска.

Ва ўмоўным Нарыльску чалавек быў сцаным лузерам, але абавязкова хадзіў у секцыю стральбы з лука альбо бою на мячах.

Трапіўшы ў свет магіі, герой становіцца самым крутым магам і наогул баявой машынай смерці.

З усіх бакоў на яго валяцца ўсялякія нішцякі ў выглядзе артэфактаў, грошай і г.д., а паколькі ў свеце магіі людзі не ведаюць пра прынцып дзеяння рычага і не вараць самагон — галоўны герой імгненна цывілізуе абарыгенаў, абзаводзіцца домам, садам і ставіць лазню пад эльфійскімі платанамі, куды з задавальненнем прыязджае кароль (дружбан ягоны ўжо ў сярэдзіне кнігі).

Для гэтага ёсць спецыяльны тэрмін «хамяцтва» — то бок назапашванне героем усялякіх каштоўных штук.

Запомніце, калі ласка, першую частку, і я перайду да другой.

Цяпер самае важнае.

Галоўны герой ненавідзіць гееў. Кожныя пяць хвілін ён узгадвае гееў, гейства, задняпрывадных і г.д.

Галоўны антаганіст ці гамасек сам, ці мае прыслужніка гамасека.

Галоўны герой ненавідзіць ліберальныя каштоўнасці. Усё самае кепскае ў кнізе здараецца ад таго, што перад тварам небяспекі і сіл цемры грамадства паводзіць сябе «як у гейропах». То бок спрабуе дамаўляцца.

Калі нехта робіць нейкую гідкасць, галоўны герой дэманстратыўна дае крыўдзіцелю па шчах, але не проста. Ён дае па шчах, разважаючы пра тое, што ў «гейропах» бы ўсе абасраліся ўваздаць па заслугах, а вось у Нарыльску чалавек вырастае з правільнымі паняццямі ў галаве.

Дарэчы, калі вы зірняце позняга Лук'яненку — падобныя развагі могуць адбывацца, напрыклад, каля помніка Пуціну. Так-так. Я пра раман «КваZи», хаця гэта ўсё ж не фэнтэзі і не пападанства, але тым не меней.

Карацей, нават з сябрамі рана ці позна галоўны герой перастае «гуляць у дэмакратыю» і ўсё вырашае сам. Ён так і кажа: «Хопіць дэмакратыі» — а пасля ідзе і ладзіць злу глабальны армагедон з фаерболамі.

Галоўны герой вельмі любіць думаць пра народ у маштабах тысяч.

То бок народ — гэта тое, што трэба «прыгнаць» для будоўлі.

Вялікай сцяны ці горада.

Прычым народ нязменна болей за ўсё і сам хоча сагнацца, каб дубошыць частакол каля «праклятага лесу», пакуль выхадзец з Нарыльска разважае ў рэчышчы:

«Тысячу мы паселім каля лесу, а вось для гэтай тысячы мы пабудуем вёску каля ракі. Будуць жыць».

Дарэчы, калі галоўны герой будуе нешта для народа, то абавязкова нейкую камуналку хлеўнага тыпу, дзе нежанатыя жывуць па сто чалавек у адным пакоі, а жанатым — так і быць — «прэдастаўляецца комната ў абшчэжыціі».

Томас Мор бы ўхваліў.

Сам «народ» заўжды гэтым задаволены. Яму падабаецца тысячамі перці ў нейкія профільныя гета.

А яшчэ болей за ўсё народ прагне цвердай рукі (бо «гэта ў ягоным менталітэце»).

У кожным расійскім фэнтэзі «менталітэт» мясцовага народа роўна такі, каб галоўны герой рэалізаваў сваю прагу ўсім даваць дыхты і будаваць БАМ у маштабах зямлі мяча і магіі.

А яшчэ у галоўнага героя ёсць цёлка. Спачатку — адна. Якая сустракаецца ў пачатку кнігі.

Яна адаптуе галоўнага героя да рэаліяў свету (калі гэта не робіць маг, які перанёс ягоную свядомасць у цела баронскага сына) і самааддана трахаецца з ім траціну кнігі. Калі галоўны герой пераходізць на новы ўзровень і едзе з глухамані ў сталіцу, — яна пакорліва чакае яго дома. Тым часам галоўны герой знаходзіць сабе адну-дзвюх новых цёлак, якіх кахае па чарзе, пакуль тыя не прыміраюцца са сваім гарэмным статусам.

Прытым адна з «баб» абавязкова нараджае маналог на адну-дзве старонкі, дзе так і кажа: «Наша бабская доля — чакаць мужыка і рабіць, каб яму было добра».

Галоўны герой спачатку нават крыху абураецца гэтым: ой, хваця, нінада так гаварыць, ты жэ мысляшчае сушчыство.

Але пасля вырашае, што «так-та яно, напэўна, і правільна. Ёсць у гэтым нейкая прастата і першародная мэтазгоднасць. Мужык ды баба. А калі тры бабы — дык і зусім добра, бо, пакуль мужык вырашае лёс сусвету, бабам ёсць пра што патрындзець, па-бабску».

Наогул, галоўны герой любіць разважаць пра нейкую хтанічную, прыродную правільнасць.

Баба нараджае, мужык б'е ворага.

Мужык — бярэ, баба — дае.

Мужык вырашае — баба не лезе.

Недзе ў палове выпадкаў герой вучыць усіх навокал рускай мове. Без яе эльфам — ніяк.

Пасля аўтара са страшнай сілай задзёўбвае пісаць 10-ы том, і раман абрываецца эпілогам, дзе ў галоўнага героя і цёлак — дзеці, якія ўжо прынялі «бразды» і расшырылі імперыю ў дзесяць разоў, пачаўшы залаты век.

А! Так. Галоўны герой да гэтага часу становіцца імператарам. Без варыянтаў.

Я гэта да чаго. Я да таго, што расійскае фэнтэзі — гэта казка пра Ямелю, якой сапсаваны адзін няшчасны падраздзел з прыгодаў Рабінзона Круза (памятаеце, там, дзе ён пёр рэчы з паўзатопленага карабля), замяшаная на перадавым гуманізме з «Утопіі» Томаса Мора, які аддаў богу душу ў 1532 годзе.

І ўсё (усё!) гэта ёсць на пуцінскім тэлебачанні і ў кожным пуцінскім пасланні народу.

Расія — гэта той самы свет эльфаў і оркаў, і кожны рускі павінен зразумець, што ён знаходзіцца на хісткай мяжы, калі не ясна, ці ён — умоўны хлопец з Нарыльска, якому падуладна ўсё вакол, ці то ён — частка «народа», які з радасцю шыбуе будаваць супрацьоркавую фартыфікацыю, пакуль Пуцін (пападанец 100 lvl) дубошыць фаерболамі па сусветнай несправядлівасці.

Але бясспрэчна Расія — гэта магія. Гэта ворагі ў выглядзе гееў, гэта бясконцы рэсурс «баб», якія сябе называюць бабамі, гэта амаль пераможаная ліберальшчына і дэмакратыя, якая не дазваляла раней ударыць гейропнага ворага па шчах у жывым эфіры.

Гэта безліч нішцякоў, якія можна скрасці і назапасіць.

Расія — гэта чароўны сон Томаса Мора. Гэта самы перадавы гуманізм XVI стагоддзя, які толькі можа сабе ўявіць адукаваны антрапацэнтрычны грамадзянін перыяду Генрыха VII.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?