Альтэрнатыва году

Большасьць экспэртаў найлепшай неафіцыйнай песьняй году называюць "Белакрылага анёла" ў выкананьні "Zet". Песьня заняла першае месца ў выніковым туры ў гіт-парадзе "Тузін гітоў". "Гэта адна з геніяльных кампазыцый беларускага року", - кажа кіраўнік польскамоўнага сайту пра беларускую музыку "Зона" Лукаш Стэпанюк. Музычны крытык Анатоль Мяльгуй тлумачыць посьпех "Анёла" тым, што "Zet" у гэтым творы набліжаецца да свайго альтэр-эга - "N.R.M.", якія сьпявалі надзённыя песьні.

У шэфа "БМА Group" Віталя Супрановіча - свае фаварыты. На першым месцы - "Маё сэрца": дуэт Дзяніса Вячэрскага з "Partyzone" і вакалісткі "Indiga" Русі, а таксама "Пісьня Чугайстэра" - апрацоўка аднаго з гітоў "Gods Tower", запісаная ўкраінскім гуртом "Тінь сонця": "Украінцы зьмянілі тэкст, захаваўшы ідэю: як азмрочваецца сонца, калі ты застаесься адзін у бядзе. Сваю вэрсію яны прысьвяцілі пацярпелым ад Чарнобылю". Сярод іншых гітоў году называюцца "Брудная вада" ад "Таварыша Маўзэра", "Выйсьце" ад "IQ-48" - групы, якая за год увайшла ў першыя шэрагі беларускага року, - некалькі песень Зьмітра Вайцюшкевіча з альбомаў "Паравоз каханьня", "Месяц і сонца" і "MW".

ТОР-5 альтэрнатыўных песень году:

1. "Zet" - "Белакрылы анёл".

2. "Таварыш Маўзэр" - "Брудная вада".

3. "IQ-48" і Памідораў - "Выйсьце".

4. "Partyzone" і Руся - "Маё сэрца".

5. "ТТ-34" - "Бум!".

Поп-песьня году

Заканадаўцамі моды афіцыйнага беларускага попсу сёлета былі хлопцы з гурту "Тяни-Толкай", якія ў рэкордна кароткі час з панкаў ператварыліся ў "простых рускіх парней". Гэты гурт быў адзначаны Гран-пры на музычнай цырымоніі "Тэлепартацыя-2005", а дыск "3000 шагов. Баллады" займае 3-е месца па выніках продажу за ўвесь год у дыскарнях "Містэрыя гуку" (наперадзе толькі "Атлянтыка" з "Heavenly" і "J-Mорс" з "Апрелем").

Музыка і ды-джэй Алег Хаменка сярод галоўных поп-здабыткаў году называе песьню "Каханьне" ў выкананьні сястрычак з "Mary Popins". Гурт складаецца зь дзьвюх экс-вакалістак гурту "Мантана" (асноўны вакал - Алеся Берулава, жонка Сяргея Міхалка). Адзін зь лідэраў апытаньняў - група "J_Moрс". Амаль кожны з апытаных экспэртаў "НН" называе іхнія песьні "Так-цік-так" ці "Апрель" у пяцёрцы найлепшых. "J_Moрс" удала правялі год: выдалі два дыскі і аб'езьдзілі ўсю краіну з турам "Маё сонца". Экспэрты "НН" - адзін з аўтараў кнігі "222 альбомы беларускага року і ня толькі…", якая выйдзе налета, Анатоль Мяльгуй і вядучы праграмы "Новая зямля" на радыё "Юністар" Віктар Сямашка - сыходзяцца на тым, што гэта найлепшая песьня гурту, бо яна настраёвая і мэлядычная.

ТОР-5 найлепшых поп-песень году:

1. "Mary Popins" - "Любовь".

2. "Тяни-Толкай" - "3000 шагов".

3. "J_Морс" - "Так-цік-так".

4. Алеся - "О главном".

5. Ларыса Грыбалёва - "SMS".

Сяргей Будкін

Падзея году

Падзея году - XV фэстываль "Рок-кола" ў Наваполацку. Сьвяткаваньне ўгодкаў пачалося летась, калі прайшоў адборачны тур, улетку на галоўнай плошчы гораду адбыўся сьвяточны канцэрт з удзелам мясцовых гуртоў і гасьцей зь Менску, а кропка была пастаўлена на пачатку сьнежня - трохдзённым фэстам у гарадзкім палацы культуры з удзелам амаль 40 камандаў. У межах "Рок-кола-2005" адбыўся адзін зь нешматлікіх сёлета выступаў у Беларусі групы "N.R.M.". Іх новая песьня "Ўсё роўна мы пераможам" можа стаць галоўным гітом наступнага году.

Альбом году

У лідэрах - "Апрель" ад "J_Морс". Крыху адстаюць дыскі Вайцюшкевіча, блюзавы "Nothing But Love" ад "Svet Boogie Band", складанка "Прэм'ер-тузін", дыск з наноў запісанымі гітамі "Крамы" - "Будзь разам з намі".

У апытаньні "НН" бралі ўдзел: Каця Пытлева, вядучая "Першага музычнага"; Тацяна Заміроўская, музычная аглядальніца "БелГазеты"; Анатоль Мяльгуй, музычны крытык; Віталь Супрановіч, кіраўнік "БМА-group", Віктар Сямашка, вядучы на радыё "Юністар", Лукаш Стэпанюк, музычны партал "Зона", радыё "Eska" (Польшча); Алег Хаменка, вядучы на радыё "Менск", лідэр групы "Палац"; Зьміцер Падбярэскі, журналіст; Мікалай Сапуноў, мэнэджар каталёгу "West Records".

Фота Юліі Дарашкевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0