У Магілёве з магілы былога старшыні аблвыканкама Мікалая Грынёва і яго жонкі на Пашкоўскіх могілках невядомыя зрэзалі бронзавую статуэтку. Прапажу заўважыла дачка Грынёвых. Сям'я звярнулася ў міліцыю, але сілавікі папярэдзілі: шанцаў знайсці выкрадальнікаў мала.

Так магіла Грынёвых выглядала да працы вандалаў. Фота: Вольгі Грынёвай з сацыяльных сетак

Так магіла Грынёвых выглядала да працы вандалаў. Фота: Вольгі Грынёвай з сацыяльных сетак

Мікалай Грынёў быў старшынёй Магілёўскага аблвыканкама ў 1994 годзе, затым — дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі. З 1995-га па 1999-ы ён працаваў паслом Беларусі ў Рэспубліцы Малдова. Памёр у лістападзе 2015 года. Яго жонка Данута Георгіеўна — у траўні 2012-га.

У кастрычніку 2017 года дочкі паставілі бацькам агульны помнік і тады ж ўсталявалі бронзавую статуэтку, унікальную ў сваім родзе — дзве імклівыя птушкі, якія здалёк падобныя на агонь. Скульптура вышынёй 96 см і вагой каля 20 кг была замацаваная на загваздках і з дапамогай адмысловага клею.

— Мае бацькі былі самай незвычайнай парай, якую я калі-небудзь ведала. Мне вельмі хацелася ўвекавечыць памяць пра іх, — распавяла дачка Вольга Грынёва. — А 25 сакавіка мы з мужам прыехалі на магілы — статуэткі няма. Хтосьці спілаваў яе, прычым акуратна, балгаркай, — нават мармур не падрапалі.

— Заяву ў міліцыю пісала сястра, якая жыве ў Магілёве. Ёй там сказалі, што статуэтка наша, хутчэй за ўсё, ужо калі не ў Расеі, то на шляху да яе. І шанцаў знайсці выкрадальнікаў мала. Я напісала пра тое, што здарылася ў сацсетках, многія зрабілі рэпост маёй просьбы паведаміць, калі дзесьці гэтая статуэтка ўсплыве. А можа, у выкрадальнікаў прачнецца сумленне і яны вернуць птушак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0