Новы iPad

Вонкава новы планшэт абсалютна не адрозніваецца ад iPad пятага пакалення, які кампанія прадставіла роўна год таму: тая ж дыяганаль у 9,7 цалі, алюмініевы корпус і кнопка Home з убудаваным сканерам адбіткаў пальцаў Touch ID.

Апаратную аснову планшэта складае працэсар A10 Fusion. Аб'ём аператыўнай памяці не раскрываецца. Затое вядома, што асноўная камера навінкі мае разрозненне 8 Мп і падтрымлівае здымку відэа ў фармаце Full HD. Час аўтаномнай працы па-ранейшаму складае 10 гадзін.

На дадзены момант гэта самы танны планшэт кампаніі, мэтавая аўдыторыя якога — школьнікі, студэнты і настаўнікі. Ягоны кошт у ЗША складае $329 (пры гэтым для школ цана яшчэ ніжэйшая — ўсяго $299). 

Паколькі iPad 2018 гэта, у першую чаргу, «адукацыйны» планшэт, спецыяльна для яго Apple дапрацавала фірмовы пакет дадаткаў iWork, дадаўшы пашыраную падтрымку стылуса Pencil. З яго дапамогай настаўнікі змогуць выпраўляць памылкі сваіх вучняў у здадзеных матэрыялах.

Абнаўленне iWork

Так, у «офісныя» дадаткі iWork (Pages, Keynote і Numbers) цяпер можна дадаваць малюнкі, убудоўваць «разумныя» анатацыі, а таксама праглядаць падручнікі, якія настаўнікі будуць ствараць на камп'ютарах Mac. Такія кнігі могуць уключаць карцінкі, відэа і запісы з дапамогай Apple Pencil.

Пакет iWork з'яўляецца бясплатным аналагам Office ад Microsoft. Кожная з праграм адаптаваная для выкарыстання як у асяроддзі iOS, так і ў асяроддзі macOS, дазваляючы бесперашкодна пераключацца паміж платформамі.

Пакет адукацыйных дадаткаў

Разам з абноўленым iPad 2018 Apple анансавала запуск дадаткаў Schoolwork, Apple School Manager і Classroom з падтрымкай macOS для адукацыйных устаноў. Яны маюць замяніць традыцыйныя спосабы кантролю выкладчыкамі паспяховасці вучняў пры дапамозе iPad і камп'ютараў Mac.

Classroom выступіць у ролі лічбавага журнала. З яго дапамогай настаўнікі змогуць кантраляваць наведвальнасць, ствараць нагадванні і весці з навучэнцамі дыялог. Бэта-версія дадатку для macOS стане даступнай ужо гэтым летам.

Schoolwork — гэта ўніверсальны дадатак для навучэнцаў і выкладчыкаў. З яго дапамогай настаўнікі змогуць даваць заданні, а вучні — атрымліваць іх. Выкананне працы, здача яе на праверку і сама праверка ажыццяўляюцца таксама ў дадатку.

Apple School Manager выступіць у ролі адмініструючага дадатку, які будзе даступны толькі адукацыйным установам. Ён дазволіць аддалена кіраваць адразу некалькімі прыладамі і ўліковымі запісамі Apple ID, кантралюючы, якія дадаткі ўсталёўвае вучань і якія ён наведвае сайты.

Усе дадаткі працуюць праз фрэймворк ClassKit і моцна інтэграваныя адно з адным для максімальнай эфектыўнасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?