Працягваецца рэзананс па справе хімічнай атакі на расійскага перабежчыка Скрыпаля, якая зачапіла таксама дзясяткі жыхароў англійскага гарадка Солсберы.
Салідарнасць з Брытаніяй праявілі нават тыя краіны Еўрасаюза, якія маюць асаблівыя эканамічныя адносіны з Расіяй або традыцыйна займаюць мяккую да Расіі пазіцыю.
Сем дыпламатаў высылае штаб-кватэра НАТА, размешчаная ў Бельгіі. Акрамя таго, будзе высланы яшчэ адзін расійскі дыпламат, які працуе ў пасольстве краіны ў Брусэлі. Дарэчы, усяго на тэрыторыі Бельгіі працуе прыкладна 140 расійскіх дыпламатаў.
Пасля ваганняў высылае расійскага дыпламата таксама Будапешт, які разглядаецца як адна з прарасійскіх краін Еўрасаюза.
Высылае расійскага дыпламата і Ірландыя, хоць гэтая краіна традыцыйна трымаецца нейтралітэту ў замежнапалітычных пытаннях. «Калі гаворка пра тэрарызм, забойствы, выкарыстанне хімічнай зброі і кібертэрарызм, мы не можам быць нейтральнымі», — заявіў прэм'ер-міністр краіны Леа Варадкар.