Тыдзень таму адно з расійскіх PR-агенцтваў прапанавала «Нашай Ніве» за ўзнагароджванне размясціць прадастаўлены імі тэкст, у якім як быццам бы праўдападобна расказваецца пра ўмовы будаўніцтва Нежынскага рудніка пад Любанню — той узводзіцца сіламі нямецкага канцэрна Deilmann-Haniel GmbH па замове «Слаўкалія» (належыць расійскаму мільярдэру Міхаілу Гуцэрыеву).

«Да рэдакцыі звярнуўся адзін з супрацоўнікаў (ён пажадаў застацца неназваным) арганізацыі, якая працуе на будаўніцтве рудніка і падзяліўся сваімі асцярогамі пра змест заключанай бакамі дамовы, — так пачынаецца прапанаваны да публікацыі тэкст. — Аказалася, кантракт заключаны такім чынам, што ў выпадку спрэчкі па яго асноўных умовах у немцаў заўсёды будзе перавага. Копія кантракта маецца ў распараджэнні рэдакцыі, і мы можам толькі пацвердзіць довады нашай крыніцы: незразумела, што прымусіла «Славкалій» заключыць кантракт на загадзя нераўнапраўных умовах».

Нежынскі горна-ўзбагачальны камбінат.

Нежынскі горна-ўзбагачальны камбінат.

Далей у тэксце сцвярджалася, што «прадстаўнікоў «Слаўкалія» схілілі да заключэння ўгоды карупцыйнымі метадамі», што Deilmann-Haniel GmbH «можа ўчыняць аварыі і нічога ім за гэта не будзе» і гэтак далей.

Вядома, што ні імя таемнага «супрацоўніка», ні дакументаў, на якія рабіліся спасылкі, не было. 

Таму мы зрабілі выснову, што гэта спроба маніпуляцыі грамадскай думкай з боку нейкіх бізнэс-колаў, зацікаўленых у скасаванні кантракту.

Мы звярнуліся па каментар да кіраўніка «Слаўкалія» Міхаіла Гуцэрыева. 

Той лічыць, што ліст абсалютна хлуслівы, бо пры заключэнні кантрактаў галоўнай мэтай «Слаўкалія» было паспяховае завяршэнне будаўніцтва Нежынскага комплексу і выбар падрадчыка з сусветным імём.

«Хачу падкрэсліць: Deilmann-Haniel уваходзіць у лік вядучых кампаній у галіне горнага будаўніцтва і тунэлябудавання. За 130 гадоў кампанія пабудавала больш за 500 шахтавых ствалоў у такіх краінах як Германія, Расія, Кітай, Іспанія. Другі наш нямецкі партнёр — Herrenknecht — найбуйнейшы сусветны вытворца стволапраходных комплексаў, паспяхова працуе ў тым ліку ў ЗША і Канадзе.

Распрацоўка і ўзгадненне усяго аб'ёму дакументаў узаемадзеяння Deilmann-Haniel і «Слаўкалія» — гэта найскладанейшы і працяглы працэс, які патрабаваў дэталёвага вывучэння з боку інжынераў, тэхнолагаў, будаўнікоў, юрыстаў, менеджараў. Выніковы дакумент максімальна ўлічваў інтарэсы як нямецкага, так і беларускага боку. Сёння Deilmann-Haniel выконвае свае абавязацельствы перад «Слаўкаліем» у поўным аб'ёме, будаўніцтва Нежынскага рудніка ажыццяўляецца ў строгай адпаведнасці з адведзенымі тэрмінамі», — такі каментар Гуцэрыева атрымала «Наша Ніва».

Але каму можа быць выгадны такі ўкід? 

Нашы крыніцы ў калійнай галіне мяркуюць, што сітуацыя можа быць выгаднай канкуруючай кампаніі — «Уралкалію». 

«Уралкалій» вядзе зацяжную вайну з Deilmann-Haniel, рыхтуе супраць нямецкай фірмы пазоў і такім чынам можа імкнуцца стварыць адмоўнае «паблісіці» кампаніі ў медыясферы краін СНД. 

Адзначым, што прапанаваны «Нашай Ніве» артыкул быў у выніку апублікаваны ў некаторых расійскіх рэсурсах (са стылістычнымі праўкамі, але тымі ж самымі «фактамі»).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?