Афіцыйны прадстаўнік МНС Беларусі Віталь Навіцкі ў сваім фэйсбуку адрэагаваў на нашу публікацыю і расказаў, чаму нельга параўноўваць дадзеныя па пажарах у розных краінах свету.
«У сувязі з «аналітыкай» на тэму, як усё дрэнна/добра з пажарамі ў розных краінах свету.
У 2017 годзе ў Беларусі загінулі ў НС 495 чалавек. Колькасць саміх НС — 5314. Гэтыя лічбы, як і за папярэднія гады, мы ад вас ніколі не хавалі. Кожны дзень на сайце размяшчаецца зводка. Напрыклад, у 2010 годзе загінулі 1124 чалавекі, а НС было 8894.
Зараз пра параўнанні. На жаль, параўноўваць дадзеныя па розных краінах і рабіць нейкія высновы нельга. Растлумачу на пары прыкладаў.
Гібель. У нашай краіне з савецкіх часоў засталася схема, пры якой чалавек, які памірае на працягу тыдня ў бальніцы ад апёкаў, лічыцца загінулым на пажары. Вельмі многія ад такога падыходу адмовіліся: перадалі чалавека з 100% апёкам цела хуткай — ужо загінуў не на пажары.
Пажары. Некаторыя краіны лічаць любыя выезды баявымі (нават, напрыклад, дзяжурства на Дзень горада) і ўключаюць іх у статыстыку. У нас у лічбу 5314 трапляюць сітуацыі са шкодай, траўміраваннем людзей і г.д.
У якасці важнай высновы. Казаць, што гэта параўнанне прыведзена ў кантэксце «Зімовай вішні» зусім некарэктна. Практычна ўся гібель людзей у нашай краіне — гэта бытавыя пажары ў жыллі. А як іх не дапусціць — мы расказваем вам кожны дзень. Беражыце сябе!
П.С. Асноўная прычына пажараў з гібеллю ў Беларусі - неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні ў нецвярозым стане»,
— піша Віталь Навіцкі.





