Дачка Сяргея Скрыпаля Юлія прыйшла ў прытомнасць і размаўляе, паведамілі крыніцы Бі-бі-сі.
Як паведамілі ў бальніцы Солсберы, стан дачкі Сяргея Скрыпаля Юліі хутка лепшае і больш не ацэньваецца як крытычны. Яе бацька, таксама атручаны нервова-паралітычным рэчывам у пачатку сакавіка ў Англіі, застаецца ў крытычным, але стабільным стане.
Доктар Крысцін Бланшард са шпіталя Солсберы паведаміла: «Яна [Юлія Скрыпаль] добра адрэагавала на лячэнне, але мы працягваем аказваць ёй кваліфікаваную медыцынскую дапамогу ў кругласутачным рэжыме».
«Я хачу скарыстацца гэтай магчымасцю яшчэ раз падзякаваць кіраўніцтву бальніцы за аказанне дапамогі пацыентам на такім высокім узроўні ў гэтыя тыдні. Я ганаруся людзьмі, якія працуюць непасрэдна з пацыентамі і тымі, хто іх падтрымліваў», — сказала яна.
Карэспандэнт Бі-бі-сі Дункан Кэнэдзі паведаміў, што, падобна, для Юліі Скрыпаль горшае ўжо мінула. Цяпер яна знаходзіцца ў стабільным стане.
Але пакуль рана казаць, ці адаб'ецца здарэнне на яе здароўі ў доўгатэрміновай перспектыве, адзначае ён.