Суд Ленінскага раёна Мінска прызнаў дырэктара ПГПУП «БуМак опт» Андрэя Марынава вінаватым у здзяйсненні злачынстваў па ч. 1 арт. 427 КК (службовы падлог) і арт. 242 (ухіленне ад пагашэння крэдыторскай запазычанасці). Прадпрымальнік, які спрабаваў развіваць бізнэс па вытворчасці туалетнай паперы, пагарэў на ўласнай неахайнасці. Судзілі мужчыну ў другі раз. Усе падрабязнасці справы падае «Беларускі партызан».

Гаворка ідзе пра мужа дырэктара Дырэкцыі тэлеканала «Беларусь-3» Наталлі Марынавай, якая пасля ўзвядзення жылога дома для работнікаў культуры, у тым ліку і для супрацоўнікаў Белтэрадыёкампаніі па адрасе вул. Балтыйская, 2, заключыла з Андрэем Марынавым кантракт з прызначэннем яго на пасаду старшыні праўлення ЖСПК-695. Аднак муж даверу жонкі і дольшчыкаў не апраўдаў.

28 лістапада 2017 года суд Ленінскага раёна Мінска вынес былому старшыні праўлення ЖСПК-695 Андрэю Марынаву абвінаваўчы прысуд. Марынава прызналі вінаватым па ч. 1 і ч. 2 арт. 210 (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі) і па ч. 1 арт. 427 (службовы падлог).

Марынаў, як толькі атрымаў з рук жонкі ўладу над ЖСПК-695, прапісаў свае дзве фірмы ТАА «Лайкс Экспарт» і ПГПУП «БуМак опт» па адрасе вул. Балтыйская, 2, дзе ён з жонкай і пражывае. Потым за нібыта аказаныя паслугі па добраўпарадкаванні тэрыторыі дома, як старшыня праўлення, ён невялікія сумы на працягу некалькіх гадоў пераводзіў на рахунак сваёй фірмы «БуМак опт». Усяго каля 25 млн недамінаваных рублёў, ацэненыя судом як крадзеж у буйным памеры. Яшчэ 2 млн 400 тыс. руб. Марынаў выкраў нібыта за ўстаноўку парэнчаў каля аднаго з пад'ездаў. Шкоду ён цалкам кампенсаваў, што істотна адбілася на памеры пакарання. Марынава прысудзілі да 2,5 год абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу (так званая хімія) са штрафам у 400 базавых велічынь і пазбаўленнем на 3 гады права займацца пэўнай дзейнасцю.

У яго абвінавачванні было яшчэ два пункты: па арт. 242-м (ухіленне ад пагашэння крэдыторскай запазычанасці) і арт. 423-м (невыкананне прысуду, рашэння ці іншага судовага акту). Па 242-м суд першай інстанцыі Марынава апраўдаў за адсутнасцю складу злачынства, па 423-м вытворчасць была спынена. Гэтая частка прыгод Марынава была звязана са спробай развіць бізнэс па вытворчасці туалетнай паперы.

Характэрна, што ў 2011 годзе ў эфіры партала TUT.BY-ТБ Андрэй Марынаў на поўным сур'ёзе сцвярджаў, што такога роду беларуская прадукцыя можа канкураваць з імпартнай. Тады, напэўна, яму было лепш бачна. А праз некалькі гадоў на прапанову Марынава паўдзельнічаць у праекце па вытворчасці туалетнай паперы адгукнуўся ўладальнік магілёўскі фірмы «НоваІнтэл» Уладзімір Новак (пра што, дарэчы, да гэтага часу шкадуе).

У 2014 годзе магілёўская фірма перавяла на рахунак фірмы Марынава «Лайкс Экспарт» больш за 54 млн. недамінаваных рублёў. На гэтым сумесны бізнэс скончыўся. Пасля доўгіх разглядаў бакі пайшлі на міравую, звярнуліся да медыятара і заключылі пагадненне, згодна з якім Марынаў абавязаўся вярнуць грошы свайму партнёру. Абавязацельствы свае не выканаў. Да спрэчкі прыцягнулі Эканамічны суд Мінска, які вынес рашэнне на карысць «НоваІнтэл», аднак рашэнне суда даўжнік так і не выканаў. Больш за тое, калі судовы выканаўца прыйшоў арыштоўваць абсталяванне, то аказалася, што яно ўжо не належыць Марынаву — ён яго нібыта прадаў фірме сваёй цёткі. А праз некаторы час абсталяванне зноў вярнулася ва ўласнасць Марынава. Такую вось няхітрую камбінацыю ён правёў.

Следства і дзяржабвінавачанне ўгледзелі ў гэтым фіктыўную здзелку з мэтай ухілення ад выплаты па абавязку. Як заявіў пракурор, Марынаў наўмысна схаваў маёмасць, якая магла быць канфіскавана па рашэнні суда. Аднак першы суд яго ў гэтай частцы абвінавачванняў апраўдаў.

Бакі не пагадзіліся з такой трактоўкай падзей. Пракуратура і абвінаваўчы прысуд абскардзілі ў апеляцыйным парадку. 13 лютага судовая калегія па крымінальных справах Мінскага гарсуда скаргі разгледзела. У частцы апраўдання Марынава па арт. 242 КК прысуд быў адменены, крымінальная была накіравана па гэтай і ч. 1 арт. 427 КК у той жа суд для разгляду іншым суддзёй.

28 сакавіка суд Ленінскага раёна вынес па гэтай справе чарговы прысуд. З другога разу 45-гадовага Марынава прызналі вінаватым у здзяйсненні службовай падробкі і ўхіленні ад пагашэння крэдыторскай запазычанасці. Атрымаў ён 1 і 1,5 года ўсё той жа хіміі адпаведна. Прысуд у законную сілу не ўступіў, верагодна, Марынаў яго абскардзіць. Але ўжо па ранейшым вердыкце, які ўступіў у сілу, ён у любым выпадку абавязаны адбыць 2,5 года ў адной з 29 беларускіх устаноў адкрытага тыпу. Пры гэтым адбыццё пакарання доўг з яго не спіша.

Прадстаўнік прадпрыемства «НоваІнтэл» Уладзімір Новак у ходзе следства заявіў да Марынава грамадзянскі пазоў, а ў судзе ён хадайнічаў аб арышце маёмасці Марынава. Праўда, у абвінавачанага за душой нічога каштоўнага не аказалася: аўтамабіль і кватэра знаходзяцца ва ўласнасці яго жонкі. Відавочна, што на туалетнай паперы асабліва не разбагацееш. Ды і яшчэ з такім стаўленнем да партнёраў. Праўда, абодва суды пазоў адхілілі, а па справе Новак праходзіў у якасці сведкі. Па словах Уладзіміра Мацвеевіча, доўг Марынава перад яго фірмай складае крыху больш за 21 тыс. руб. А па рахунках, як вядома, трэба плаціць!

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?