Па-ранейшаму няпэўная дата ўстаноўкі мемарыяльнай дошкі, прысвечанай 100-годдзю Беларускай Народнай Рэспублікі, піша Радыё Свабода.

Грошы на бронзавы варыянт дошкі замест састарэлага арыгіналу, зробленага ў 1993 годзе скульптарам Алесем Шатэрнікам, сабралі за тры гадзіны і меліся ўсталяваць да юбілейнай даты на доме па вуліцы Валадарскага, 9 у Мінску — менавіта тут была падпісаная Трэцяя Устаўная грамата аб абвяшчэнні БНР незалежнай дзяржавай.

Аднак паседжанне Менгарвыканкама, на якім шыльду маюць зацвердзіць, адкладаецца ўжо другі тыдзень запар.

Старшыня Беларускага саюзу мастакоў Рыгор Сітніца падаваў заяўку ў Мінскі гарвыканкам на ўстаноўку памятнага знаку і цяпер чакае адтуль рэакцыі. Але з выканкамаўскіх кабінетаў навінаў няма, кажа Сітніца.

«На жаль, растуць падазрэнні, — не хавае засмучэння Сітніца. — безумоўна, не да канца надзеі страчаныя, аднак чарговы тыдзень прамінуў і ніякай новай інфармацыі. У пазамінулы чацвер, калі планавалася паседжанне, не сабраліся, кудысьці з'яжджалі. Што перашкодзіла гэтым разам — не ведаю. Ва ўсялякім разе, сказана было так: як будзе нейкая інфармацыя — атрымаеш першы. Пакуль нічога — ні адмовы, ні ўхвалення».

Спробы атрымаць камэнтары ў Менгарвыканкаме цягам чацьвярга і пятніцы плёну ня мелі, чыноўнікі на тэлефанаваньні і электронныя лісты не адказваюць.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?