Абвінавачанымі па крымінальнай справе прызнаныя пяць непрацуючых жыхароў Мінскага раёна, якія знаходзяцца ў роднасных адносінах: сямейная пара, у якой і мужу, і жонцы па 25 гадоў, бацькі маладой жанчыны і бацька яе мужа.
Па дадзеных следства, 52-гадовая пацярпелая неафіцыйна падзарабляла ўборкай у дамах. Праз знаёмую да яе па дапамогу звярнулася адна з абвінавачаных, якая пражывае з мужам і яго бацькамі ў катэджы ў Мінскім раёне.
Перад навагоднімі святамі 2016 года сваякі ў чарговы раз запрасілі жанчыну прыбраць у хаце ў іх прысутнасці.
«З мэтай здабывання матэрыяльнай выгады сям'я вырашыла інсцэнаваць крадзеж у іх маёмасці. Уступіўшы ў злачынную змову, яны абвінавацілі пацярпелую ў крадзяжы 650 даляраў ЗША, якія нібыта ляжалі ў шкарпэтцы на шафе і прапалі пасля ўборкі пакоя, — паведамляюць следчыя.
Каля сутак абвінавачаныя прымусова ўтрымлівалі жанчыну, збівалі, пагражаючы прымяненнем гвалту, у тым ліку да яе сям'і, калі яна не верне «выкрадзеныя» грашовыя сродкі. З мэтай застрашвання пацярпелую вывезлі на могілкі, вымусілі яе даць «прызнальныя паказанні» па раней нарыхтаванай імі прамове на камеру мабільнага тэлефона і напісаць распіскі, у якіх не ўказвалася сума».
У пацярпелай не было такіх грошай, але фігуранты працягвалі шантажаваць і пагражаць расправай, абшуквалі яе дом, прымушалі распранацца.
Пасля таго, як абвінавачаныя даведаліся, што пацярпелая звярнулася ў праваахоўныя органы, фігурантка напісала заведама ілжывую заяву, што нібыта пацярпелая скрала ўжо 6650 долараў ЗША.
На працягу расследавання абвінавачаныя давалі супярэчлівыя паказанні. З мэтай пазбягання крымінальнай адказнасці спрабавалі заблытаць следства, а ў далейшым зусім адмовіліся ад дачы паказанняў.
У выніку ўсе пяцёра абвінавачаных цяпер пад вартай. Іх чакае суд.