Пачаўся розыгрыш рэгулярнага першынства НХЛ. Ужо зь першых матчаў пачалі ўражваць беларускія легіянэры «Манрэаль Канадыянс» — Андрэй і Сяргей Касьціцыны.
З трох праведзеных гульняў у братоў не атрымалася толькі першая — супраць «Бафала». Канадцы прайгралі ў сэрыі пасьляматчавых булітаў — 1:2. Затое потым быў фэерычны выйгрыш у адвечнага суперніка з «Таронта» — 6:1. Сяргей Касьціцын у той гульні адзначыўся двума галамі і адной выніковай перадачай. У выніку хакеіст быў прызнаны першай зоркай сустрэчы.
Гэтай жа ноччу чарга дайшла і да старэйшага Касьціцына. «Манрэаль» у гасьцях перамог «Філядэльфію» — 5:3. Андрэй жа закінуў шайбу і аддаў перадачу. На рахунку Сяргея два галявых пасы.
Зь іншых беларусаў у НХЛ, толькі Руслан Салей з «Каларада» змог адзначыцца галявой перадачай у матчы з «Бостанам». Міхаіл Грабоўскі з «Таронтаў» у выніковых дзеяньнях сваёй каманды ўдзелу пакуль не прымаў.