Урад Беларусі зацвердзіў пералік сельскагаспадарчых арганізацый, у якіх да канца 2009 года будзе пабудавана 118 малочнатаварных ферм, аснашчаных сучасным даільным абсталяваннем. Рашэнне аб гэтым змяшчаецца ў пастанове Савета Міністраў нумар 1502. Пастанова прынята ў мэтах рэалізацыі ўказа нумар 332 аб выдзяленні ААТ «Белаграпрамбанк» крэдытаў на будаўніцтва 118 малочнатаварных ферм на агульную суму Br1 трлн., паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па справах інвестыцый і арганізацыі будаўніцтва Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Андрэй Пракапчук.

У Брэсцкай вобласці плануецца пабудаваць 16 малочнатаварных ферм, у Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцях — па 21, у Гродзенскай — 17 і ў Мінскай — 22. Падрыхтавана 8 тыпавых праектаў, якія могуць выбраць сельскія гаспадаркі. Будаўніцтва ўсіх ферм павінна быць завершана да 1 жніўня 2009 года.

Аблвыканкамам даручана адкарэктаваць і зацвердзіць графікі будаўніцтва малочнатаварных ферм з улікам дапушчанага адставання з пазначэннем замацаваных за імі праектнай і будаўнічай арганізацый, а таксама зацвердзіць пералікі будаўнічых работ, што выконваюцца гаспадарчым спосабам, у аб’ёме не менш як 30 працэнтаў ад кошту будаўніча‑мантажных работ. Аблвыканкамы, Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, Міністэрства лясной гаспадаркі абавязаны забяспечыць пастаўку жалезабетонных, металічных канструкцый і іншых асноўных матэрыялаў для будаўніцтва малочнатаварных ферм у 2008‑2009 гадах. Аблвыканкамы, Міністэрства селькай гаспадаркі і харчавання павінны прадугледзець у кастрычніку 2009 года камплектаванне малочнатаварных ферм племянной жывёлай пад іх праектную магутнасць, якая складзе 87112 галоў жывёлы.

Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, транспарту і камунікацый, сельскай гаспадаркі і харчавання, фінансаў, аблвыканкамам даручана прадугледзець выдзяленне ў 2009 годзе ў першачарговым парадку сродкаў (з прадугледжаных на рэалізацыю Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі) на выкананне прыродаахоўных мерапрыемстваў, стварэнне інжынерна‑транспартнай інфраструктуры на малочнатаварных фермах, якія будуюцца. У прыватнасці, з рэспубліканскага фонду аховы прыроды будзе накіравана Br60,6 млрд., з рэспубліканскага дарожнага фонду на выкананне дарожных работ і пад’ездаў да малочнатаварных ферм — Br176,8 млрд., з рэспубліканскага бюджэту на інжынерна‑транспартную інфраструктуру — Br38,6 млрд. Усяго на гэтыя мэты будзе выдзелена Br276 млрд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?