Ларыса Геніюш — беларуская паэтка, палітзняволеная, генеральны сакратар Рады БНР, якая да скону не прыняла савецкага грамадзянства, пражыўшы да 1983 г. у Зэльве пад пільным наглядам спецслужбаў.
Адзін з найлепшых твораў беларускай літаратуры, абавязковы для чытання кожным беларусам, — гэта яе ўспаміны, «Споведзь». Колькі там сілы, колькі веры ў беларускай народ, колькі болю і асабістай мужнасці. Калі Беларусь стане цалкам незалежнай дзяржавай, імем Ларысы Геніюш будуць названы праспекты і вуліцы нашых гарадоў.
Жыццяпіс Ларысы Геніюш добра вывучаны даследчыкамі, але нас яшчэ чакае адкрыццё яе жыцця з іншага ракурсу — з пункту гледжання КДБ СССР.
Практычна ўсё жыццё Геніюш, яе сям'я і атачэнне знаходзіліся пад наглядам спецслужбаў. Гэтае сачэнне праз шматлікіх агентаў і інфарматараў працягвалася да самай смерці паэткі.
Пакуль архівы беларускага КДБ недаступныя даследчыкам. Тым больш, недаступныя матэрыялы, якім няма 75 гадоў, паводле беларускіх законаў, яны адносяцца да таямніцы асабістага жыцця. Так што пра падзеі 1960-х зможам даведацца толькі пасля 2035 года — калі дажывём, канечне. Але сякія-такія цікавыя старонкі ўжо разгортваюцца, дзякуючы Асобаму архіву Літвы, які цалкам адкрыты для гісторыкаў.
Агентурная распрацоўка
7 красавіка 1962 года старшы оперупаўнаважаны 2 аддзела 2 Упраўлення КДБ пры Савеце міністраў Літоўскай ССР маёр Васількоў распрацаваў чарговы План агентурна-аператыўных мерапрыемстваў па распрацоўцы Адольфа Клімовіча. Той план быў падтрыманы начальнікамі Васількова — падпалкоўнікам Душанкісам і маёрам Нарасам. (Пра тое, як Адольф Клімовіч сем гадоў хаваўся пасля вайны пад носам у спецслужбаў чытайце тут.) На той момант Клімовіч ужо выйшаў на волю. Ад агентаў у ягоным атачэнні чэкісты ведалі, што ў лагерах ён «заставаўся на ранейшых нацыяналістычных пазіцыях, праводзіў варожую работу сярод зняволеных і падтрымліваў сувязі з беларускімі нацыяналістамі, якія пражываюць за межамі Комі АССР». І што на волі Клімовіч «працягвае заставацца перакананым беларускім нацыяналістам, стараецца заўважаць у савецкай рэчаіснасці толькі адмоўнае, займае пазіцыю чакання, размаўляючы з сувязямі, вядомымі яму па мінулай нацыяналістычнай дзейнасці».
Восенню 1957 года Клімовіч прыехаў у Беларусь, уладкаваўся на працу аграномам у адзін з калгасаў Барысаўскага раёна Мінскай вобласці. І ўжо 17 снежня 1957-га 4 Упраўленне КДБ пры СМ БССР распачало агентурную справу па яго распрацоўцы.
«У 1959—61 гадах з ім праводзіліся неаднаразовыя гутаркі з мэтай схілення яго да выступу ў друку для выкрыцця антынароднай дзейнасці беларускіх нацыяналістаў у перыяд Айчыннай вайны, аднак жаданых вынікаў дасягнута не было». У маі 1960 года Клімовіч нарэшце атрымаў дазвол вярнуцца дадому ў Вільню. Натуральна, увесь гэты час ён знаходзіўся пад наглядам дзясяткаў уважлівых вачэй інфарматараў. Мы можам назваць мянушкі некаторых з іх: «Арлоў», «Корабаў», «Гарбачоў», «Лідскі», а таксама агент «Шквал», які кантраляваў Клімовіча яшчэ ў лагерах.
Чэкісты вырашылі працягнуць распрацоўку Клімовіча і яго атачэння. У тым ліку сям'і Ларысы Геніюш. Справаздачы пра Янку Пятровіча і Ларысу Антонаўну Геніюшаў даваў агент «Арэф’еў».
«Ларыса не ўмее пісаць так, як цяпер патрабуецца»
І тут мы можам перайсці да саміх дакументаў, складзеных «Арэф'евым» і яго куратарамі:
«КДБ пры СМ Беларускай ССР распрацоўваецца беларускі нацыяналіст Геніюш Іван, які вярнуўся са зняволення, працуе ў адной з бальніц гор. Слоніма, Гродзенскай вобласці. Яго жонка Геніюш Ларыса, у мінулым вядомая беларуская паэтка, таксама адбывала пакаранне за нацыяналістычную дзейнасць.
Клімовіч і Геніюш ад 1923 да 1928 гг. разам вучыліся ў Пражскім універсітэце, дзе знаходзіліся ў «Студэнцкай секцыі беларускай грамады». У 1944 г. Клімовіч нейкі час хаваўся ў Геніюшаў.
Распрацоўку Геніюш І. і Геніюш Л. вядзе правераны агент КДБ пры СМ БССР «Арэф’еў», які карыстаецца ў іх даверам.
«Арэф’еў» з Беларусі, дзе ён пражывае, перыядычна прыязджае ў Вільню да сваёй маці, знаёмы з шэрагам беларускіх нацыяналістаў.
Зыходзячы з гэтага, сумесна з КДБ БССР прадумаць мерапрыемствы па ўводу агента «Арэф’ева» ў распрацоўку Клімовіча праз Геніюш Івана».
Паколькі агент карыстаўся даверам сям'і Геніюшаў, чэкістам не склала ніякай цяжкасці ўвесці яго ў распрацоўку, тым больш, што сам Янка Геніюш прыязджаў да яго ў госці ў Баранавічы і спыняўся на начлег. Пра ўсе іх гутаркі мы можам даведацца падрабязна са справаздач сакрэтнага інфарматара «Арэф’ева» (асабовая справа № 1104). У нашым распараджэнні маецца агентурнае данясенне, адпраўленае 5 верасня 1960 года падпалкоўніку Лосеву:
«Улетку г.г. у госці да крыніцы двойчы прыязджаў І.П. Геніюш. У першы раз Геніюш гасцяваў у крынiцы тры дні ў пачатку мая, у дні, калі праходзіла сесія Вярхоўнага Савета СССР, Геніюш заявіў, што ў Баранавічы ён прыехаў адпачыць ад хатняга клопату, бо яго вельмі стамляе клопат пра ўнука. Пра сваё жыццё ў Зэльве Геніюш сказаў, што жывецца ім матэрыяльна нядрэнна, бо Ларыса Антонаўна працуе сястрой-гаспадыняй у бальніцы.
Аднак маральна Геніюш адчувае сябе ў Зэльве дрэнна, не мае сяброў, няма з кім пагаварыць адкрыта.
Геніюш нават пытаўся ў крыніцы, ці нельга яму пераехаць на жыхарства ў Баранавічы, ці можна будзе атрымаць тут працу. Крыніца адказала на гэта, што не можа гарантаваць уладкавання на працу, але паспрабаваць можна будзе. Пра сваіх зэльвенскіх таварышаў па працы Геніюш адзываецца дрэнна, лічыць іх малапісьменнымі, некультурнымі, п'яніцамі. Ён выказваў вялікую крыўду з нагоды таго, што мясцовы камітэт зэльвенскай бальніцы адмовіў яму ў рэкамендацыі для паездкі ў якасці турыста ў Чэхаславакію.
Геніюш сказаў крыніцы, што ён не пакідае сваёй мары: дамагчыся дазволу з'ехаць на пастаяннае жыхарства ў Чэхаславакію [Геніюшы не прымалі савецкага грамадзянства, застаючыся з даваенных часоў грамадзянамі Чэхаславакіі — Рэд.].
Ён казаў, што ў яго ёсць планы дамагацца такога дазволу ў Маскве, паспрабаваць для гэтага атрымаць асабістую аўдыенцыю ў Хрушчова. Геніюш спрабаваў для чагосьці (ён не хацеў растлумачыць крыніцы для чаго) зняць копію са свайго пашпарта, але ў натарыяльнай канторы г. Баранавічы яму ў гэтым адмовілі.
Геніюш распавядаў, што яго сын Юрый беспаспяхова дамагаецца дазволу пераехаць пагасціць у Зэльву (польскія ўлады нібыта адмовілі яму ў дазволе, а жонка Юрыя беспаспяхова дамагаецца дазволу з'ездзіць у Польшчу). Агент выказаў перакананне, што лепш за ўсё было б для Юрыя, калі б ён пераехаў у БССР на пастаяннае жыхарства, але Геніюш запярэчыў, што ён гэтага не жадае, што яму не хацелася б губляць шанцы на выезд усёй сям'і за мяжу.
У размовах з крыніцай Геніюш цікавіўся лёсамі беларускіх нацыяналістаў, якія знаходзяцца ў эміграцыі. Крыніца распавёў Геніюш пра сувязі, якія маюць са сваякамі ў Амерыцы Ю. і Л. Луцкевічы [сыны заснавальніка «Грамады», «Нашай Нівы» і прэм’ер-міністра БНР Антона Луцкевіча — Рэд.]. Са свайго боку, агент пацікавіўся, ці мае сувязі Геніюш з эмігрантамі, у прыватнасці з, Тумашам. Геніюш адказаў, што ўжо вельмі даўно ён ніякіх вестак ад Тумаша не мае, але што ён інфармаваны, быццам Тумаш самаўхіліўся ад палітычнага жыцця. Затое нібыта вельмі актыўны ў ЗША Мікалай Шчорс, які нібыта з'яўляецца трэцім «лідарам» эмігрантаў (нароўні з Р.Астроўскім і М.Абрамчыкам). Таксама звесткі Геніюш мае нібыта з кнігі «У імя праўды», якую даў яму знаёмы супрацоўнік Гродзенскай газеты [відаць, маецца на ўвазе «Гродзенская праўда» — Рэд.] (прозвішча крыніца не памятае).
Геніюш казаў, што збіраўся прывезці гэтую кнігу крыніцы, але пісьменнік ад'язджаў у Маскву, і спецыяльна прыехаў у Зэльву забраць гэтую кнігу. Акрамя таго, Геніюш, з яго слоў, перыядычна слухае перадачы на беларускай мове з Мадрыда, але нібыта ў гэтых перадачах нічога цікавага не чуў.
Першыя 2 дні і першую ноч свайго першага наведвання Геніюш правёў у крыніцы, а другую ноч і трэці дзень ён правёў у Саўчука Пятра, разам з якім, але без крыніцы, яны наведвалі Т. і І. Дудко.
Даведаўшыся ад крыніцы, што ён збіраецца правесці частку водпуску ў Вільні, Геніюш папрасіў крыніцу зайсці да мастака Сергіевіча і папрасіць у яго рэпрадукцыі яго карцін. Геніюш заявіў, што ён калекцыянуе матэрыялы па беларускім мастацтве. (Агент выканаў пасля гэтую просьбу Геніюша.)
Другі раз Геніюш гасцяваў у крынiцы тры дні ў канцы чэрвеня (прыблізна). На гэты раз ён заехаў па дарозе з курорта (або з дома адпачынку). У гэты раз Саўчука не было ў Баранавічах (ён ездзіў у Магілёў на экзаменацыйную сесію) і Геніюш правёў увесь час у крыніцы. Шмат гаварылі па розных пытаннях, у тым ліку на медыцынскія тэмы. Геніюш скардзіўся, што Ларысе вельмі цяжка працаваць на пасадзе сястры-гаспадыні. Агент раіў, што нашмат больш разумна было б узяцца за літаратурную працу, на што Іван Пятровіч запярэчыў, што «Ларыса не ўмее пісаць так, як цяпер патрабуецца».
Геніюш пацікавіўся таксама, ці не мае крыніца сувязі з Шастак Яўгеніяй і быў вельмі задаволены, атрымаўшы яе адрас.
Геніюш быў вельмі задаволены рэпрадукцыямі карцін Сергіевіча, узяў яго адрас і збіраўся яму напісаць ліст».
Сергіевіч напісаў партрэт «Арэф’ева»?
Тут мы можам перапыніць апавяданне «Арэф’ева», каб паведаміць падрабязнасці яго візіту ў Вільню да мастака Пётры Сергіевіча, якія нам вядомыя з яшчэ аднаго данясення гэтага агента:
«Знаходзячыся ў Вільні летам г.г. крыніца наведаў Пётру Сергіевіча ў яго майстэрні і быў ім вельмі гасцінна прыняты. Сергіевіч паказваў крыніцы свае карціны, пытаўся меркаванне пра іх. У гэты час ён працаваў над карцінай «Максім Танк над возерам Нарач». Сергіевіч выказаў здзіўленне тым, што ў яго цяпер маюцца добрыя ўмовы для працы. Увосень г.г. Сергіевіч збіраецца рабіць у Вільні сваю выставу (у сувязі з пяцідзесяцігоддзем з дня нараджэння) і запрашаў на гэтую выставу крыніцу.
У размове закранулі супольных знаёмых, якія знаходзяцца ў эміграцыі. Сергіевіч адзначыў, што ён ні з кім сувязі не падтрымлівае, звесткі пра іх мае, галоўным чынам, ад Луцкевічаў.
Агент звярнуўся да Сергіевіча з просьбай даць рэпрадукцыі сваіх карцін для Геніюш І. І Сергіевіч спачатку паставіўся да гэтай прапановы трохі падазрона, але затым даў рэпрадукцыі, зрабіў пад імі ўласнаручныя подпісы і ўзяў адрас Геніюша з тым, каб наладзіць з ім пісьмовы кантакт.
Пры развітанні з крыніцай Сергіевіч запрашаў заходзіць пры кожным прыездзе ў Вільню, выказаў жаданне напісаць партрэт крыніцы».
Вядома ж, намеснік начальніка 3 аддзела 2 Упраўлення КДБ БССР падпалкоўнік Лосеў даў агенту заданне развіваць падобны поспех.
«Заданне: У мэтах збліжэння з Сергіевічам Вам варта пагадзіцца пазіраваць яму для напісання партрэта.
Пры сустрэчах з ім у г. Вільні высветліце характар яго ўзаемаадносінаў з братамі Луцкевічамі, Шантырам, Шутовічам і іншымі асобамі з ліку беларускіх нацыяналістаў, з якімі ён мае зносіны ў цяперашні час. Разам з тым, высветліце, над чым ён працуе ў гэты час і якія яго планы на будучыню.
Мерапрыемствы: Перад выездам «Арэф’ева» у гор. Вільню адпрацаваць яму больш падрабязнае заданне ў дачыненні да Сергіевіча і яго сувязяў».
Думаю, што мастацтвазнаўцы змогуць адказаць на пытанне: ці напісаў Пятро Сергіевіч партрэт агента «Арэф’ева», які жыў у Баранавічах.
«Беларуская мова толькі афіцыйна лічыцца дзяржаўнай»
З данясення асведаміцеля мы можам даведацца, якія пытанні хвалявалі Янку Геніюша ў гэты час:
«Кажучы пра ўнутраную палітыку савецкага ўрада, Геніюш выказваў сваю незадаволенасць па наступных прычынах: 1) беларуская мова толькі афіцыйна лічыцца дзяржаўнай, у рэальнасці ж пануе руская мова, 2) маладое пакаленне расце безыдэйнае, беспрынцыповае, 3) няма свабоды слова, 4) няма дэмакратыі і г.д.»
З самога паведамлення мы можам даведацца і дадатковыя звесткі пра агента, акрамя таго, што ў нас можа быць яго партрэт пэндзля вядомага мастака. Мы ўжо ведаем, што яго маці жыла ў Вільні, сам ён, падобна, працаваў у сферы медыцыны, быў судзімы і не рэабілітаваны:
«У адной з гутарак крыніца распавёў Геніюшу, што ў медінстытуце нібыта крыніцы зрабілі прапанову паехаць у навуковую камандзіроўку ў Польшчу. Крыніца сказаў, што выказаў сваю згоду і што яго такая паездка вельмі б цікавіла. Геніюш прызнаў, што было б цікава паехаць у Польшчу, але выказаў упэўненасць у тым, што дазволу на выезд крыніца не атрымае, бо быў судзімы і не рэабілітаваны. Крыніца сказаў, што і ён не вельмі верыць у рэальнасць атрымаць дазвол на такую паездку».
Даведка ад КДБ
На ўсіх згаданых у гэтым данясенні людзей КДБ склаў даведку:
«Даведка:
Геніюш Іван Пятровіч і яго жонка Геніюш Ларыса Антонаўна ў мінулым вядомыя беларускія нацыяналісты, за што былі судзімыя органамі савецкай улады. Пражываючы ў цяперашні час у г.п. Зэльве, Гродзенскай вобл., яны ўстанавілі сувязь з шэрагам сваіх аднадумцаў па нацыяналістычнай дзейнасці, як на тэрыторыі Савецкага Саюза, так і за мяжой. Распрацоўваюцца УКДБ Гродзенскай вобласці.
Іх сын — Геніюш Юрый, пражывае ў г. Беластоку (Польшча) і навучаецца ў медінстытуце, меў намер прыбыць на жыхарства ў БССР.
Браты Луцкевічы [Юрый і Лявон] — сыны аднаго з вядомых ідэолагаў беларускіх нацыяналістаў. У перыяд Айчыннай вайны скончылі створаную немцамі і нацыяналістамі Дальвіцкую разведвальна-дыверсійную школу і з'яўляліся актыўнымі ўдзельнікамі антысавецкай арганізацыі «Беларуская незалежная партыя». Пасля вызвалення са зняволення ўсталявалі сувязь з шэрагам сваіх аднадумцаў па мінулай дзейнасці як у ССР, так і за мяжой. Абодва распрацоўваюцца КЛДБ Літоўскай ССР.
Саўчук Пятро, муж і жонка Дудко Іван і Тафіля — лагерныя сувязі Геніюшаў. У цяперашні час перыядычна маюць зносіны паміж сабой. Вывучаюцца апаратам УКДБ Брэсцкай вобласці ў гор. Баранавічах.
Сергіевіч — мастак, пражывае ў г. Вільні, распрацоўваецца КДБ Літоўскай ССР як беларускі нацыяналіст.
Шостак Яўгенія — блізкая сувязь Геніюш Л. па ўнутранай турме ў гор. Мінску. Геніюш добра адгукаюцца пра яе і ў цяперашні час. УКДБ Гродзенскай вобл. яна вывучалася на вярбоўку. У сувязі з тым, што падчас азнаямленчай гутаркі паводзіла сябе няшчыра, ад яе вярбоўкі адмовіліся.
Астроўскі, Абрамчык, Шчорс і Тумаш — вядомыя верхаводы беларускіх нацыяналістаў. Усе знаходзяцца ў эміграцыі, дзе працягваюць весці варожую работу супраць СССР. Са Шчорсам і Тумашам Геніюшы падтрымліваюць сувязь праз сваіх знаёмых, якія пражываюць у Польшчы. Атрымала вітанне Геніюш і ад Абрамчыка.
Пісьменнікам, пра якога Геніюш распавядаў агенту «Арэф’еву», з'яўляецца давераны УКДБ Гродзенскай вобласці Карпюк [здаецца, у дакуменце проста памылка дапасавання]».
Цікава, што ад вярбоўкі Яўгенію Шостак выратавала тое, што яна не пайшла на кантакт. А вось Аляксей Карпюк (1920—1992), які даў Янку Геніюшу кнігу, пісьменнік і грамадскі дзеяч, у 1978-1992 гадах старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, на пачатку 1960-х пазначаўся як «давераны». Вядома, гэта быў былы капэзэбовец і партызан. Што не перашкодзіць КДБ пазней дабіцца яго выключэння з партыі і пераследаваць як дысідэнта разам з Васілём Быкавым. Але на той момант яго яшчэ як былога партызана разглядалі як «давераную асобу».
«Давераная асоба» — гэта не платны агент-інфарматар. Паводле «Палажэння аб агентурным апараце і давераных асобах органаў дзяржаўнай бяспекі СССР» (1983): «Даверныя адносіны, якія з'яўляюцца адной з формаў апоры органаў КДБ па дапамогу працоўных, усталёўваюцца з адданымі Радзіме, сумленнымі савецкімі грамадзянамі строга на добраахвотных пачатках, галоўным чынам у інфармацыйных мэтах і для выканання аператыўных даручэнняў органаў КДБ, якія не патрабуюць спецыяльнага навучання і … канспірацыі».
Выклікаць на шчырую размову
Карыстаючыся тым, што Янка Геніюш, «ад'язджаючы, запрашаў крыніцу прыехаць у Зэльву, прасіў падтрымаць сувязь лістамі», яму дадзена было заданне:
«Вам прапануецца скарыстацца запрашэннем Геніюш І. і наведаць яго на кватэры ў г.п. Зэльве.
У размове з Ларысай Антонаўнай высветліце, ці займаецца яна літаратурнай дзейнасцю і над чым працуе ў цяперашні час.
У гутарцы з Ларысай Антонаўнай сам-насам высветліце, ці не падтрымлівае яна перапіску з «прэзідэнтам» так званага «ўрада» БНР» Абрамчыкам, Смаршчком і іншымі беларускімі нацыяналістамі, якія знаходзяцца ў эміграцыі, а таксама са Святаполк-Мірскім, Нікіцінай і сваім братам Аляксеем, аб якіх яна адкрыта распавядала Вам раней.
Каб увайсці ў больш блізкія даверныя адносіны з Геніюшамі і выклікаць іх на адкрытую гутарку, раскажыце ім пра сваю паездку ў г. Вільню і сустрэчы з вядомымі ім беларускімі нацыяналістамі Луцкевічамі, Сергіевічам і іншымі, а таксама пра свае сустрэчы з мужам і жонкай Дудко і Саўчуком, якія пражываюць у г. Баранавічах, і паспрабуйце высветліць характар іх узаемаадносін з апошнімі.
У асцярожнай форме паспрабуйце таксама высветліць блізкія даверныя сувязі Геніюшаў па Зэльве».
Можна не сумнявацца, што блізкімі сувязямі Геніюшаў у Зэльве чэкісты цікавіліся дзеля адзінай мэты: завербаваць новых агентаў. І імі маглі стаць толькі тыя, хто карыстаўся ў «кліентаў» поўным даверам.
Ці даведаемся мы іх імёны? Як сцвярджаюць архівісты тых краін, дзе доступ да архіваў спецслужбаў ужо адкрыты, — у першую чаргу знішчаліся менавіта справы на агентуру. Але ўсё знішчыць немагчыма, і дакументы ўсплываюць, і па драбнічцы аднаўляецца карціна падзей мінулага.
Супастаўленне фактаў дае падставы меркаваць, што агентам «Арэф'евым» быў доктар-гінеколаг з Баранавіч Усевалад Кароль, які да 1940 года быў апошнім кіраўніком Беларускага студэнцкага саюза, а ў вайну кіраваў баранавіцкім асяродкам Беларускай незалежніцкай партыі. Яго арыштавалі ў 1944-м, да 1955 года ён быў у савецкім канцлагеры. Вероятно, его завербовали еще в 1941-м. Но во время войны его то ли перевербовала немецкая СД, то ли он просто уклонялся от выполнения заданий НКВД, за что и попал в лагерь. Однозначно то, что он работал на КГБ после выхода из лагеря и доносил на своих друзей.
Ларыса Геніюш. Стукачы
Самім чортам быць трэба і злом,
рогі чорныя мець і капыты,
каб сядзець за гасцінным сталом
і выслухваць, вынюхваць, выпытваць!
Каб сабраць матэр’ял на данос,
яны ў душы залазяць з нагамі,
ўсюды сунуць смярдзючы свой нос,
найсвяцейшае сэрцу — паганяць.
Чалавечы ў людзей падыход
да любое жыццёвае справы.
Стукачы — не людскі гэта род,
а сабачы, з пароды лягавых.
Крочыць юда па сцежках крутых,
лічыць грошы з цяжкіх нашых мукаў,
што ж, і мы дабярэмся да іх,
па заслугах ў патыліцу стукнем.
Незайздросны у продкаў быў лёс,
хлеба ў хатах з вясны не хапала.
А таго, хто на брата данёс,
у сяле за вярсту абміналі.
Бараніць ад паганых народ!
Ад вякоў Беларусь — гэта людзі.
А пасеяны ў полі асот
разрасцецца — і хлеба не будзе.
Годзе слёзам народным цячы!
Годзе кідаць нявінных на мукі!
Напіліся крыві стукачы,
прыйшоў час і па іх ужо стукнуць.
* * *
Гэта дапоўнены і дапрацаваны артыкул, які ўпершыню быў апублікаваны ў «Нашай Ніве» ў 2018 годзе.
Каментары