16 кастрычніка Партыя БНФ атрымала адказы з адміністрацыі Лукашэнкі і Менгарвыканкама аб фактычнай адмове ў арэндзе памяшканьня для сьвяткаваньня 20-годзьдзя Фронта.
Партыя БНФ мела намер правесьці вялікую ўрачыстую імпрэзу ў памяшканьні Дома культуры МАЗу 19 кастрычнікаў Менску , і зьвярнулася ў адміністрацыю Дома культуры з адпаведнай заявай 9 верасьня. У якасьці рэзэрвовага варыянту разглядалася заля Менскага міжнароднага адукацыйнага цэнтру імя Я. Раў, куды таксама 9 верасьня была накіраваная заява аб прадастаўленьні магчымасьці арэнды памяшканьня. Да гэтага часу Партыя БНФ не атрымала ніякіх адказаў на свае заявы ані з ДК МАЗу, ані з Менскага міжнароднага адукацыйнага цэнтру.
Адначасна, маючы досьвед атрыманьня дазволу на арэнду памяшканьня толькі пасьля згоды адміністрацыі прэзідэнта і Менгарвыканкаму, Партыя БНФ 15 верасьня зьвярнулася ў гэтыя ўстановы з просьбай аб спрыяньні арэндзе любога з названых памяшканьняў ці прадастаўленьні любога іншага памяшканьня.
Лісты, што Партыя БНФ атрымала сёньня з адміністрацыі і гарвыканкаму, па сваёй форме ёсьць клясычным узорам бюракратычнага «адфутбольваньня» пытаньня. Адміністрацыя перанакіравала заяву ў Менгарвыканкам, а той, у сваю чаргу, паінфармаваў аб тым, што «вызначэньне месца правядзеньня сходу зьяўляецца абавязкам асобаў, адказных за арганізацыю й правядзеньне дадзенага мерапрыемства».