У Гомелі пры атрыманні хабару ў памеры 160 тысяч долараў арыштаваны трое грамадзян, сярод якіх — антыкрызісны кіраўнік і старшыня ліквідацыйнай камісіі адной з фірм.
Іх затрыманне правялі ў канцы мінулага тыдня аператыўныя работнікі КДБ і байцы спецпадраздзялення «Альфа».

Як паведамілі БелаПАН у прэс‑групе УКДБ па Гомельскай вобласці, каб атрымаць грашовыя сродкі для разліку з крэдыторамі, нерухомая маёмасць фірмы‑банкрута — крама ў Гомелі плошчай 120 кв. м — была выстаўлена на аўкцыён. Афіцыйна гандлёвы аб’ект ацэнены крыху больш за 100 мільёнаў беларускіх рублёў.

«Было шмат ахвотных узяць удзел у таргах, але гэта не ўваходзіла ў планы прадаўцоў. Яны мелі сваё ўяўленне аб аўкцыёнах: дастаткова аднаго пакупніка — такога, які заплаціць ім за тое, каб гэты аўкцыён выйграць. Арганізацыю перамогі ацанілі ў 160 тысяч долараў ЗША», — зазначылі ў прэс‑групе КДБ.

Паводле даных УКДБ,

прадаўцы забяспечвалі прысутнасць яшчэ аднаго фармальнага пакупніка, бо пры ўдзеле ў таргах толькі аднаго чалавека яны былі б прызнаныя несапраўднымі. У той жа час ахвотным рэальна ўзяць удзел у аўкцыёне пад рознымі падставамі адмаўлялі. Пакупнік павінен быў перамагчы практычна без торгу.

У адносінах да арыштаваных праводзяцца следчыя дзеянні. Распачата крымінальная справа па артыкуле 430 Крымінальнага кодэкса (атрыманне хабару).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?