Памятаю, як мы ў Рэдакцыі гадалі, а хто ж робіць 1863x. Перабіралі знаёмыя асобы, пакуль выпадкова, у драматычных абставінах даведаліся, што гэта Эдуард Пальчыс, якога тады ніхто не ведаў.

Пальчыс прайшоў праз турму, але не зрокся сваіх прынцыпаў: пісаць востра і ваяваць з ворагамі Беларусі. Летась ён пачаў спалучаць анлайнавую і афлайнавую актыўнасць.

Блог (і блогер) падтрымліваў абарону Курапат, раскапаў матэрыял пра фірму-забудоўніка. Рыхтаваў «Ноч расстраляных паэтаў» у памяць пра ноч з 29 на 30 кастрычніка. Правёў інфармацыйную кампанію да 500-годдзя скарынаўскай Бібліі. Ну і, the last but not the least, стаў адным з пратаганістаў падрыхтоўкі Свята Незалежнасці на 100-годдзе БНР.

Акрамя фэйсбука, Эдуард Пальчыс разгарнуў актыўнасць у тэлеграме.

Цяпер ён збірае сродкі на чарговы год сваёй дзейнасці.

«Сябры, прыйшоў час вам вырашаць, ці будзе далей існаваць праект 1863x і весціся мая дзейнасць», — звярнуўся Пальчыс да чытачоў.

Першы збор сродкаў ён правёў — паспяхова — крыху больш за год таму, у лютым 2017-га.

Пальчыс паставіў сабе задачу набраць на кожны месяц дзейнасці рэсурсу 2000 рублёў. Спосаб: падпіска праз краўдфандынгавую платформу «Талака». Яна цяпер дае опцыю магчымасці аўтаматычнага пералічэння вызначанай сумы з карткі штомесяц.

Пальчыс катэгарычны: ён мае намер працягваць праект 1863x, толькі калі людзі назбіраюць патрэбную суму, калі ён будзе адчуваць запатрабаванасць свайго рэсурсу. За першыя чатыры дні збору яму «падпісалі» 19% ад патрэбнай сумы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?